Гарадзенскім кандыдатам забараняюць праводзіць пікеты ў месцах, дзе ёсць выбаршчыкі
Паколькі месцаў для пікетавання, дзе працуе заяўны прынцып, у Гародні адведзена вельмі мала і знаходзяцца яны ў нязручных для гэтага месцах, кандыдаты ад АГП Юрый Істомін, Дзмітрый Бандарчук, Ірына Скрабутан і Наталля Комар звярнуліся ў гарвыканкам па дазвол правесці пікеты ў тых месцах, дзе гэта мае хоць нейкі сэнс. Пры гэтым кандыдаты спасылаліся на 45 артыкул Выбарчага кодэксу і артыкул 5 Закона аб масавых мерапрыемствах. Але сёння ўсе кандыдаты атрымалі адмову. У адпісках, падпісаных намеснікам старшыні гарвыканкама Сенчанковай І.П., было указана, што месцы для агітацыі вызначаныя, таму пікеты ў другіх месцах недазваляюцца. Чаму людзі не маюць права правесці пікеты ў іншых месцах, спадарыня Сенчанкова тлумачыць не стала.
Варта таксама адзначыць, што па ўсёй вобласці фіксуюцца факты зрывання плакатаў апазіцыйных кандыдатаў. У Свіслачы плакаты кандыдата ў дэпутаты ад БСДГ Віктара Дзесяціка вісяць не больш гадзіны, пасля знікаюць. Пры гэтым іншыя матэрыялы застаюцца на сваім месцы. У самой Гародні таксама зрываюцца плакаты ўсіх апазіцыйных кандыдатаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”