Цэнтрвыбаркам выдае акрэдытацыйныя пасведчанні міжнародных назіральнікаў замежным дыпламатам
Цэнтрвыбаркам 19 красавіка выдае акрэдытацыйныя пасведчанні міжнародных назіральнікаў замежным дыпламатам, паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Удзел у назіранні за мясцовымі выбарамі ў Беларусі возьмуць 50 дыпламатаў з 24 пасольстваў, у прыватнасці пяць супрацоўнікаў пасольства ЗША, па чатыры — Швецыі і Літвы, па тры — Польшчы, Вялікабрытаніі, Славакіі і Кітая.
Паўнамоцтвы міжнародных назіральнікаў будуць сапраўдныя па 30 красавіка.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні камісіі 15 красавіка паведаміла, што Беларусь звычайна запрашае міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Паводле яе слоў, акрэдытацыя супрацоўнікаў пасольстваў — "гэта жэст добрай волі". "Гэта паказчык адкрытасці нашай дзяржавы. Мы зыходзім з таго, што дыпламаты здольныя данесці праўдзівую інфармацыю аб ходзе выбараў", - сказала Ярмошына.