Апазыцыя прапануе ўвесьці візавыя санкцыі супраць шэфа КДБ
19 сьнежня на паседжаньні Палітычнай рады апазыцыйнай кааліцыі на чале з адзіным кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам быў ухвалены зварот, накіраваны да краінаў "вялікай васьмёркі" і сяброў Рады Бясьпекі ААН з прапановай ініцыяваць разгляд сітуацыі ў Беларусі на сваіх паседжаньнях.
Апазыцыя заклікала Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт, Парлямэнцкія асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ правесьці міжнародную канфэрэнцыю па Беларусі, на якіх маглі б быць выказаныя ўмовы, у якіх павінны адбывацца прэзыдэнцкія выбары.
Таксама Палітрада аб’яднанай апазыцыі прапанавала краінам Эўразьвязу ўвесьці візавыя санкцыі ў дачыненьні да тых, хто ініцыяваў і прымаў папраўкі ў Крымінальны кодэкс наконт адказнасьці за дыскрэдытацыю дзяржавы і органаў улады.
Анатоль Лябедзька патлумачыў радыё Свабодзе, каго канкрэтна яны маюць на ўвазе: "Там маецца на ўвазе Натальля Пяткевіч, якая рыхтавала гэтае пытаньне ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, Сьцяпан Сухарэнка, кіраўнік КДБ, і два кіраўнікі палатаў Нацыянальнага сходу".