Бабруйск: Агітацыйныя ўлёткі за праўладнага кандыдата з’явіліся ў крамах
Уладзімір Стэльмак, дырэктар бабруйскага аўтобуснага парка балатуецца ў абласны Савет дэпутатаў па Жукаўскай выбарчай акрузе №8. Агітацыйныя ўлёткі за гэтага кандыдата з’явіліся ў крамах па вуліцы Пушкіна. Так, напрыклад, “агіткі” ёсць у краме “Кольцо” і раённым прадуктовым аддзяленні - ляжаць стосамі на сталах для пакупнікоў. Па правілах, знаходжанне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у пунктах гандлю забаронена, але, як паведаміў сакратар гарадской выбарчай камісіі Яўген Кушнароў, можна развесіць плакаты з дазволу начальства гандлёвай кропкі.
- Раскладаць агітацыйныя матэрыялы па прылаўках ці яшчэ недзе нельга, павінна быць усё акуратна наклеена на шкло, напрыклад, але толькі з дазволу дырэктара ці гаспадара крамы, - распавёў Яўген Кушнароў. – Усё павінна быць акуратна і не перашкаджаць пакупнікам.
Цікава, што і самі супрацоўнікі крамы не ведаюць, хто прынёс гэтыя ўлёткі, але, тым не менш, не прыбіраюць іх.
- Сёння раніцай прыйшоў нейкі малады хлопец, расклаў улёткі і сышоў, - распавялі прадаўцы крамы “Кольцо”. – Напэўна, нехта яму дазволіў гэта зрабіць.
Па ўсім відаць, гэта не адзіны выпадак у Бабруйску, калі праўладныя кандыдаты карыстаюцца забароненымі для распаўсюду агітацыйных матэрыялаў месцамі. Малады кандыдат ад БХД Яўген Васьковіч паведаміў, што бачыў у дзяржаўнай краме “Ветэран” на тых жа сталах для пакупнікоў улёткі аднаго з сваіх апанентаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”