Салігорск: Афіцэр не з'явіўся на дэбаты
Запланаваныя на 20 красавіка дэбаты кандыдатаў у дэпутаты па 13-й выбарчай акрузе адбыліся ў фармаце сустрэчы аднаго з удзельнікаў з выбаршчыкамі. Канкурэнт Аляксея Валабуева палкоўнік Валеры Заінчкоўскі напярэдадні сустрэчы паведаміў, што спазняецца і не зможа прыняць удзел у мерапрыемстве.
У клубе “Будаўнік” прысутнічала каля 30 чалавек. Сярод тых, хто прыйшоў на сустрэчу з Валабуевым былі кіраўнікі ідэалагічнага апарата гораду, супрацоўнікі міліцыі. Апошнія здымалі выступ кандыдата на відэа.
Падчас сустрэчы Аляксей Валабуеў і прадстаўнік яго штаба Іван Шыла адказалі на пытанні выбаршчыкаў, распавялі пра праграму і хаду выбарчай кампаніі ў Салігорску. Сярод іншага незалежны кандыдат адзначыў, што актывісты яго кампаніі асабіста перадалі праграму кожнаму выбаршчыку акругі.
Варта адзначыць, што гэта адзіная сустрэча кандыдата ў дэпутаты з выбаршчыкамі за час выбарчай кампаніі ў Салігорску.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”