Гомельская пракуратура лічыць, што ператрусы і допыты журналістаў - законныя
У расследаванні справы аб паклёпе на былога кіраўніка УКДБ Гомельскай вобласці І. Каржа парушэнняў заканадаўства не выяўлена, і падставаў для прыняцця захадаў пракурорскага рэагавання няма. Да такой высновы прыйшла пракуратура Гомельскай вобласці, разгледзеўшы зварот ГА «БАЖ» наконт ператрусаў і допытаў у шэрагу журналістаў.
«Па стане на 15.04.2010 канчатковага рашэння па гэтай крымінальнай справе не прынята», — гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка пракурора вобласці.
Нагадаем, што ў пачатку сакавіка ГА «БАЖ» накіравала адкрыты ліст Генаральнаму пракурору РБ Рыгору Васілевічу.
У лісце арганізацыя выказвала меркаванне, што следчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай прычыны, і што дэклараваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным.
Дзеянні следчых ГА «БАЖ» расцаніла як «грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці». Арганізацыя заклікала пракурора неадкладна зрабіць захады па вяртанні адабранай у журналістаў маёмасці, неабходнай ім для прафесійнай дзейнасці, і прыняць меры пракурорскага рэагавання «для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў».
Генеральная пракуратура пераадрасавала зварот «для разгляду па сутнасці» ў пракуратуру Гомельскай вобласці, пракурору Валянціну Шаеву — таму самаму, які санкцыянаваў правядзенне ператрусаў у некаторых журналістаў (у прыватнасці, у Марыны Коктыш).
Зварот ГА «БАЖ» да Генпракуратуры будзе разглядаць «па сутнасці» пракурор Гомельскай вобласці