viasna on patreon

У Жлобінскім раёне скрыню для бюлетэняў заляпілі скотчам

2010 2010-04-22T17:47:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Жлобінскім раёне падчас датэрміновага галасавання ў вёсцы Шчэдрын знайшлі скрыню для бюлетэняў, якая была залеплена скотчам, а ў вёсцы Папаратнае выдалілі з выбарчага ўчастку міліцыянта.

Паводле артыкула 51 Выбарчага кодэкса, перад пачаткам галасавання скрыні для бюлетэняў павінны пламбіравацца або апячатвацца старшынёй участковай камісіі ў прысутнасці не менш двух трацін складу камісіі.

- У Шчэдрыне пячатку паставілі на паперу, і гэту паперу прыляпілі па краях ліпкай стужкай да скрыні. Гэта значыць, што яе можна адляпіць, адчыніць скрыню і замяніць там бюлетэні. А пасля зноў заляпіць, - распавёў Валерый Рыбчанка, кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі партыі "Справядлівы свет". - Паперку са скотчам мы сфатаграфавалі.

Участак для галасавання размешчаны ў памяшканні Шчэдрынскага сельсавета, участковую выбарчую камісію тут узначальвае Шчура Васіль Тадыёнавіч. Працэсам датэрміновага галасавання ў залепленую скотчам скрыню кіравала яго намесніца - Сімановіч Тамара Уладзіміраўна.

- А ў вёсцы Папаратнае на выбарчым участку падчас датэрміновага галасавання знаходзіўся міліцыянт. Ён спасылаўся на тое, што яму належыць тут прысутнічаць па міліцэйскай інструкцыі, і нават даў мне гэтую інструкцыю. Але пасля нашага звароту да намесніка начальніка раённага аддзела міліцыі і да кіраўніка раённай выбарчай камісіі міліцыянт сыйшоў, - кажа В. Рыбчанка.

Названыя вёскі ўваходзяць у Стрэшынскую акругу па выбарах у Гомельскі абласны Савет. У дэпутаты тут балатуюцца Яўген Басарэўскі з партыі "Справядлівы свет"  і старшыня Жлобінскага райсавета Яўген Касюкоў. Па выяўленых фактах, якія прадстаўнікі "Справядлівага свету" лічаць парушэннямі Выбарчага кодэкса, яны накіравалі акты ў Стрэшынскую акруговую выбарчую камісію.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства