Баранавічы: Для праўладных кандыдатаў закон не пісаны
23 красавіка назіральнік ад ТБМ Сяргей Гоўша накіраваў заявы ў пракуратуру г. Баранавічы, гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію і ў Цэнтральную выбарчую камісію.
У сваіх заявах Сяргей Гоўша даводзіць, што праўладныя кандыдаты ў дэпутаты Мікалай Шырко, Юрый Грамакоўскі, Сяргей Наўроцкі, Мікалай Асташка, Генадзь Валынец, Марына Мацюк, Вячаслаў Дуньковіч, як і іншыя кандыдаты ад улады, працягваюць парушаць рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 12.02.2010г. № 379 аб месцах для агітацыі. Гэтыя кандыдаты ў дэпутаты ідуць на парушэнні закону, каб толькі размясціць свае інфармацыйныя матэрыялы ў шматлюдных месцах. Праўладныя кандыдаты ў дэпутаты, сцвярджае Сяргей Гоўша, размяшчаюць свае агітацыйныя ўлёткі не там дзе вызначыў сваім рашэннем гарвыканкам, а ля крамаў, пад’ездаў, дамоў культуры, лазняў і г.д.
Таму Сяргей Гоўша задае лагічнае пытанне пракуратуры, гарадской камісіі і ЦВК: чаму амаль тысяча сяброў гарадскіх участковых камісій (а яшчэ і пракуратура, міліцыя, ідэалагічныя аддзелы, ЖЭСЫ і г.д.) не бачаць такіх відавочных парушэнняў з боку праўладных кандыдатаў у дэпутаты? Ён дадае, што ў пракуратуру і ў тэрытарыяльную камісію ўжо звярталіся з гэтай нагоды некаторыя грамадзяне горада (напрыклад, Грык Рыгор і інш.), аднак з боку камісій і пракуратуры не прымаецца дастаткова (дакладней – ніякіх) мераў, каб спыніць парушэнне Выбарчага кодэкса. Сяргей Гоўша канстатуе ў сваіх заявах, што да парушальнікаў закону не прынята ніякіх мераў уздзеяння. Упэўнены, сцвярджае ён, калі б гэта парушальнікамі былі кандыдаты ў дэпутаты не ад улады, дык яны былі б ужо даўно зняты з выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”