Менск: Затрыманыя распаўсюднікі агітацыйных улётак Вінцука Вячоркі
Літаральна некалькі хвілінаў таму ў Савецкім раёне сталіцы супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў, якія распаўсюджвалі ўлёткі за кандыдата па выбарчай акрузе № 43, аднаго з лідэраў Партыі БНФ Вінцука Вячорку. Затрыманыя - лідэр “Моладзі БНФ” Андрусь Крэчка і актывіст арганізацыі Антось Койпіш.
Пра затрыманне паведаміў сам кандыдат. Паводле яго словаў, улёткі, якія распаўсюджвалі А.Крэчка і А.Койпіш, цалкам адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, таму прычына інцыдэнту зусім незразумелая.
Відавочна, што затрыманне здзейснена па загадзе. На цяперашні момант адзін з міліцыянтаў трымае актывістаў, а другі пайшоў высвятляць, што з імі рабіць далей.
Дарэчы, ад самага пачатку кандыдат сутыкаўся з адмовай у друку агітацыйнай прадукцыі і з гэтай нагоды падаваў скаргу ў адпаведны выбаркам і Цэнтральную камісію. Як пасля высветлілася, у друкарні наведваліся людзі ў цывільным, якія “раілі” не друкаваць улёткі В.Вячоркі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”