Газета “Витебский рабочий”: шальмаванне апазіцыі напярэдадні асноўнага дня галасавання
У апошнім нумары газеты “Витебский рабочий” за 24 красавіка, заснавальнікам якой з'яўляецца Віцебскі выканаўчы камітэт, напярэдадні асноўнага дня галасавання з'явіўся матэрыял, у якім шальмуюцца мясцовыя апаненты ўлады. У раздзеле “Калонка галоўнага рэдактара” надрукаваны артыкул А. Бегуновай, у якім яна агулам крытыкуе праграмы кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі і апазіцыю ў цэлым.
У пачатку артыкула аўтар спявае дыфірамбы дасягненням кіраўніцтва вобласці і малюе вясёлкавыя перспектывы развіцця рэгіёна. Ну а затым А. Бегунова пераходзіць у напад на тых, хто перашкаджае прагрэсу і не заўважае поспехаў і дасягненняў.
“Так, крычаць, крытыкаваць дзеянні іншых лёгка. А вось не на словах, а на справе даказаць свае здольнасці можа далёка не кожны. Пачытайце перадвыбарчыя праграмы такіх “крыкуноў”. Беспрацоўныя і непісьменныя асобы, якія так і не здолелі знайсці сваю нішу ў гэтым жыцці, а магчыма, проста не пажадалі гэтага рабіць з-за наяўнасці “дабрадзеяў”, якія ўзялі на сябе іх утрыманне, абяцаюць горы залатыя. Не абцяжарваючы сябе простым эканамічным аналізам, яны адважна “падвышаюць пенсіі”, “дабіваюцца росту заробкаў”, “зніжаюць кошты”. Але нават дзевяностагадовая бабуля ў вёсцы разумее: такія “абяцанкі-цацанкі” - курам на смех. Раздаць грошы любы зможа, толькі іх яшчэ зарабіць трэба! Наіўны папулізм, разлічаны, хутчэй, на першабытнікаў, гатовых у прорву скакаць за бананам, але ніяк не на разважлівых людзей...”
Далей кіраўнік дзяржгазеты і аўтар артыкула задае чытачу рытарычнае пытанне: “…Навошта, скажаце, такім “свядомым” улада, якой яны карыстацца не ўмеюць?” І сама адказвае на яго. “…Назавіце хоць адну добрую справу на карысць Прыдзвіння, зробленую апазіцыйна настроенымі “героямі”. Далей слоў, публічных “прадстаўленняў” і “клаўнад” пад вобліскамі сваіх жа фотакамер справа не ідзе. Нават сумнявацца не прыходзіцца, што, атрымаўшы дэпутацкія мандаты, гэтыя людзі за жыццё самотнай хворай сяльчанкі з далёкай вёсачкі хвалявацца не стануць. І да ветэрана ў хату не ўвойдуць, і жыццём дзіцячага дома цікавіцца не будуць. А ўжо месяцамі і гадамі вырашаць руцінныя праблемы выбаршчыкаў -тым больш. Шуміха, скандалы і гучныя словы - галоўная мэта. Хоць не. Магчыма, што ў беспаспяховых спробах прыцягнуць увагу да сваёй асобы хтосьці паўторыць “подзвіг” навагодняга “смельчака”, які выступае цяпер у Інтэрнэце ў ролі “святога вялікапакутніка”, і пад улюлюканне сумленнага народа з бела-чырвона-белым сцягам па-малпінаму залезе на верхавіну елкі. На што не пойдзеш дзеля грошай, але... Беднаватая фантазія, спадары! Наш народ на яе не возьмеш. Вопыт суседніх краін - лепшы доказ правільнасці шляху, абранага беларусамі. Успомніце падзеі ў Латвіі, Украіне, Кыргызтане…”
Неабходна адзначыць, што гэта першы і адзіны пасквіль у віцебскіх дзяржСМІ, накіраваны супраць апазіцыі за ўвесь час цяперашняй выбарчай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”