Кандыдату не дазволілі бачыць падлік галасоў
Кандыдат у дэпутаты Гродзенскага аблсавета і Варнянскага сельсавета Мікалай Уласевіч яшчэ да пачатку падліку галасоў на Варнянскім выбарчым участку № 7 падаў заяву старшыні ўчастковай камісіі Субач Надзеі з просьбай праводзіць падлік калегіяльна і з магчымасцю для яго, кандыдата, і назіральнікаў бачыць падлік галасоў на адлегласці, якая забяспечвае візуальнае і гукавое ўспрыняццё таго, што адбываецца за сталом, дзе будуць лічыцца бюлетэні. Аднак калі за 15 хвілін да завяршэння галасавання кандыдат з’явіўся на ўчастку, то яму вызначылі месца на адлегласці прыкладна 8 метраў ад стала, дзе планаваўся падлік бюлетэняў.
Калі падлік пачаўся, кандыдат падышоў да стала бліжэй, але старшыня камісіі загадала яму вярнуцца на вызначае месца, а калі М. Уласевіч сказаў, што адтуль нічога не відаць, паклікала супрацоўніка міліцыі. Супрацоўнік міліцыі стаў насупраць кандыдата, закрыўшы яму агляд стала і ўвесь час патрабаваў, каб ён вярнуўся на аддаленае месца, вызначанае для яго камісіяй. Спадар Уласевіч адмовіўся і пакінуў участак, не бачачы сэнсу ў такім выпадку прысутнічаць на ім.
Кандыдат у дэпутаты паставіў у вядомасць адносна дзеянняў сяброў і старшыні ўчастковай камісіі ЦВК, абласную і акруговую камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”