viasna on patreon

Віцебшчына: Вакантнымі засталіся два дэпутацкіх месцы

2010 2010-04-26T17:23:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў у Віцебскай вобласці сфармаваны. У бліжэйшы час выбарчыя камісіі завершаць падвядзенне вынікаў галасавання і пасля прадстаўлення адпаведных пратаколаў абласная выбарчая камісія будзе гатовая абвясціць афіцыйныя вынікі выбараў.

У вобласці абраны 3528 дэпутатаў, якія змогуць прыступіць да працы ў складзе 240 мясцовых Саветаў дэпутатаў. Вакантнымі пакуль застаюцца адзін дэпутацкі мандат у раённым і адзін у сельскім Саветах у Дубровенскім раёне. У гэтых акругах кандыдаты ў дэпутаты балатаваліся на безальтэрнатыўнай аснове, але не змаглі атрымаць больш 50% галасоў выбаршчыкаў. Паводле дзеючага выбарчага закона там будуць прызначаны паўторныя выбары.

Усяго па вобласці яўка выбаршчыкаў склала 90,9%, удзел у галасаванні прынялі каля 817 тыс. чалавек. Так, у Расонскім раёне ў выбарах прынялі ўдзел 99,4% выбаршчыкаў, у Шаркаўшчынскім - 98%, у Віцебскім - 98,1%, у Сенненскім - 96,65. У абласным цэнтры яўка склала 90,4%, у Наваполацку - 90%, у Оршы - 87,4%, у Полацку - 78,9%.

Па дадзеных УУС, у вобласці не зафіксавана парушэнняў грамадскага парадку на выбарчых участках.

За ходам галасавання сачылі больш 2700 унутраных назіральнікаў, якія галоўным чынам былі акрэдытаваны непасрэдна ва ўчастковых выбаркамах. Многія з іх назіралі і працэс падліку галасоў.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, скарг ці заўваг ад назіральнікаў пра парушэнні па арганізацыі і ходу галасавання ў выбарчыя камісіі не паступала.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства