viasna on patreon

Магілёўскія дэмакраты падвялі вынікі выбарчай кампаніі

2010 2010-04-27T12:10:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора, 26 красавіка, у Магілёве адбылася прэс-канферэнцыя, на якой дэмакраты Магілёва падвялі вынікі выбарчай кампаніі.

У Магілёўскай вобласці па папярэдняй інфармацыі сталі дэпутатамі двое дэмакратаў. Гэта прадстаўнікі аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Жанна Шчарбініна (стала дэпутаткай Аўсянскага сельскага Савета) і Аляксей Цюлькоў (стаў дэпутатам Асіповіцкага райсавета).

- У Магілёўскай вобласці ў якасці кандыдатаў у дэпутаты быў зарэгістраваны 51 чалавек, - гаворыць каардынатар па выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў, - некаторыя з іх адначасова балатаваліся ў некалікі Саветаў дэпутатаў. Ад удзелу ў выбарах адмовіўся толькі адзін кандыдата - лідэр Магілёўскай філіі БНФ Зміцер Салаўёў.

Сярод агучаных Юры Новікавым прычын, якія паўплывалі на тое, што дэмакраты прынялі рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі - змяненне выбарчага заканадаўства і заявы ўладаў аб тым, што выбары будуць сумленныя і адкрытыя.

- Пасля таго, як нікога з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл не ўключылі ў склад камісій, мы зразумелі, што з выбарамі зноўку будзе не ўсё чыста, - адзначае Юры Новікаў.- Трэба адзначыць, што паводле заканадаўства ўчастковыя камісіі фармуюцца адміністрацыямі раёнаў, а пасяджэнняў гэтых камісій ў прыродзе проста не было. У нас было жаданне папрысутнічаць на гэтых пасяджэннях, але нас пастаянна ўводзілі ў зман з датай правядзення гэтых пасяджэнняў. У выніку нам проста паведамілі, што пасяджэнні адбыліся.

Юры Новікаў дадаў, што падчас праверкі подпісаў дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, камісіі чапляліся за дробязі – не правільна напісана прозвішча, памылка ў напісанні імя і г.д. І ў некаторых выпадках гэта было прычынай адмовы ў рэгістрацыі.

Акрамя гэта каардынатар па выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў адзначае, што афіцыйная яўка не адпавядае рэальнай, бо на некаторых участках у дзень галасавання прадстаўнікі дэмакратычных сіл вялі незалежны падлік выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі.

- Так, у дзень галасавання на выбарчы участак №113 прыйшло галасаваць 335, а па пратаколу выбарчай камісіі – 1101, №114 – 310 чалаваек, па пратаколу – 856, №115 – 248 чалавек, па пратаколу - 658.

Гэтыя дадзеныя спраўджвае дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтра Уладзімір Краўчанка. Сябры яго арганізацыі на трох выбарчых участках вялі незалежны падлік галасоў.

Паводле яго дадзеных на выбарчым участку №24, з улікам датэрміновага галасавання, пры колькасці выбаршчыкаў 2 923 чалавекі ў галасаванні прыняла ўдзел 523 чалавекі, альбо каля 18%; на ўчастаку №25 пры колькасці выбаршчыкаў 2 081 чалавек прагаласавала 442, альбо каля 21%; на ўчастку №27 пры колькасці выбаршчыкаў 2 631 чалавек прагаласавала 425, альбо каля 16%.

Усе гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, што яўка ў Магілёве завышана ў сярэднім у тры разы.

Юры Новікаў адзначае, што падлік галасоў выбаршчыкаў адбываўся без агучвання вынікаў, гэтаксама як і не падлічваліся подпісы тых, хто прагаласаваў у дзень выбараў. Лічбы з вынікамі з розных урнаў для датэрміновага галасавання, галасавання на даму і галасавання ў дзень выбараў не агучваліся. Пасля падліку не было пасяджэння камісіі, дзе б разглядаліся скаргі, якія паступілі ад назіральнікаў. Пратаколы з вынікамі галасавання вывешваліся, але не падпісваліся сябрамі камісіі.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што перад тым, як адвозіць пратаколы ў акруговую выбарчую камісію, сябры ўчастовых выбарчых камісіій адвозілі іх у адміністрацыі раёнаў горада.

Юры Новікаў распавёў, што падчас выбараў  была праведзена інфармацыйная кампанія. Дэмакратычныя кандыдаты дазналіся пра настроі выбаршчыкаў - да апазіцыі простыя грамадзяне ставяцца даволі станоўча.

Адзін з лідэраў аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэса Алесь Сілкоў адзначыў, што пасля выбараў дэмакратычныя сілы Магілёва працягнуць накіроўваць звароты аб выяўленых парушэннях падчас выбарчай кампаніі ў пракуратуру і Цэнтрвыбаркам.

Дэмакраты збіраюцца прайсці ўсе інстанцыі і ў самым канцы звярнуцца ў Камісію па Правах чалавека ў ААН.

- Тое, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл прапагандавалі ў сваіх улётках, будзем спрабаваць выканаць незалежна ад таго, што мы не маем дэпутацкіх мандатаў, - дадаў Алесь Сілкоў.

Гэтыя выбары паказалі, што на надыходзячых прэзідэнцкіх выбарах дэмакратам трэба ісці адным фронтам, падвынікаваў дэмакрат.

“Праваабронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства