Выбары без выніку
Партыя БНФ, Рух “За свабоду”, незарэгістраваная ініцыятва “Маладая Беларусь” на чале з Артурам Фінькевічам засталіся без сваіх дэпутатаў мясцовых саветаў з прычыны фальсіфікацый пад час выбараў. Пра гэта лідэры згаданых арганізацый паведамілі 26 красавіка на адмысловай прэс-канферэнцыі.
Партыя БНФ, Рух “За свабоду”, незарэгістраваная ініцыятва “Маладая Беларусь” на чале з Артурам Фінькевічам засталіся без сваіх дэпутатаў мясцовых саветаў з прычыны фальсіфікацый пад час выбараў. Пра гэта лідэры згаданых арганізацый паведамілі 26 красавіка на адмысловай прэс-канферэнцыі.
Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, кампанію, якая завершылася галасаваннем 25 красавіка, увогуле нельга назваць выбарамі.
“Гэта сімвалічна, што ў несапраўдныя мясцовыя саветы адбыліся несапраўдныя выбары. Сёння можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што ўсе гэтыя змены ў выбарчае заканадаўства, якія прымаліся напярэдадні, сталіся папросту нахабнай насмешкай над беларускім грамадствам, паколькі яны не тое што ніякім чынам не паўплывалі на большую свабоду пад час гэтых выбараў, але пасля ўнясення зменаў у выбарчае заканадаўства мы пабачылі яшчэ больш нахабныя і яшчэ больш бессэнсоўныя парушэнні, - адзначыў палітык. – Пад час гэтых мясцовых выбараў улада ўжо зусім не змагалася з апанентамі, з іншадумствам, але ўлада проста змагалася з нейкімі сваімі ўласнымі комплексамі, паколькі той узровень парушэнняў, якія назіраліся паўсюдна і масава, быў абсалютна непатрэбны дзеля таго, каб уладзе проста атрымаць тыя вынікі, якія яна хацела б атрымаць”.
Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў Аляксей Янукевіч назваў “нацягванне” яўкі выбаршчыкаў. “Людзей гвалтоўна гналі на датэрміновае галасаванне, нават па афіцыйных звестках датэрмінова прагаласавала амаль трыццаць адсоткаў, гэта абсалютна нечуваная, нерэальная лічба. І ў дзень галасавання стаяла задача забяспечыць максімальную яўку, паўсюдна ёсць факты, што проста бралі вынасную скрыню і хадзілі да тых людзей па спісу, якія да таго моманту яшчэ не прагаласавалі… Апроч таго, паўсюдна адсутнічаў асобны падлік вынікаў датэрміновага галасавання, чаго патрабуе Выбарчы кодэкс… Гэта сведчыць пра тое, што пад час датэрміновага галасавання адбывалася ўкідванне бюлетэняў”, - заявіў кіраўнік Партыі БНФ.
“Настрой добры, таму што мэты, якія мы с тавілі перад сабою, у асноўным дасягнуты, - сказаў кіраўнік Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. – Мы хацелі, каб у выніку выбарчай кампаніі ў грамадстве павялічыўся пратэстны настрой. Нам хацелася, каб людзі больш ведалі пра сітуацыю ў краіне, пра альтэрнатыву, а яна ёсць. Каб людзі больш ведалі пра механізмы фальсіфікацыі выбараў… Я праехаў пад час кампаніі па ўсёй Беларусі, апроч Брэшчыны, і я хачу адзначыць, што грамадства стала больш спелым. Няма такой агрэсіўнасці, чорнабеласці, што адныя - за ўладу, другія – за апазіцыю. Людзі пачынаюць задаваць сабе пытанні, і гэта таксама добры вынік. Людзі з павагай ставяцца да таго, што кажуць альтэрнатыўныя кандыдаты, хаця не ўсе нас падтымліваюць… Мы працуем з насельніцтвам, а не за працэнты, якія малюе ўлада. Прывяду адзін прыклад з Віцебску, які мне паведаміў Хрыстафор Жалябаў. Там нават не трэба падмяняць бюлетэні па той схеме, якую яны робяць. Кандыдат ад Руху “За свабоду” Зарачанская Раіса. Выбары ў гарсавет (Першамайскі раён Віцебску). Што адбываецца: сядаюць людзі, лічаць галасы. Кожны робіць стопачкі, моўчкі, нібы на пахаванні. Потым сакратар падыходзіць да кожнага, бярэ ў іх таксама моўчкі абрывачак паперкі, на якім яны нешта напісалі, і адносіць сакратару камісіі. Сакратар камісіі мудра бярэ калькулятар і робіць выгляд, што ён нешта лічыць, таксама моўчкі. Потым забірае ўсё разам з калькулятарам, і разам са старшынём і намеснікам старшыні камісіі яны ідуць у асобны пакой. Потым выходзяць і кажуць: вынікі вось такія. Былі нават выпадкі, калі забываліся даць пратаколы на подпіс сябрам камісіі. Кажуць ім: ідзіце дахаты. Жалябаў крычыць: як жа так, вы ідзеце да хаты, але ж вы не падпісалі пратаколы! А тыя адказваюць: ну, як-небудзь потым. Таму фальсіфікацый мільён… Я думаю, што яны падпісваюць сабе смяротны прыгавор, бо грамадства ўжо адчувае, што паміж ім і ўладай – бездань, і думка людзей абсалютна не ўлічваецца”.
Па словах лідэра “Маладой Беларусі” Артура Фінькевіча, ад гэтай структуры кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў вылучаліся 38 чалавек, але з прычыны фальсіфікацый ніхто не быў абраны дэпутатам. Удзельнікі прэ-канферэнцыі былі адзінадушны ў тым, што пад час гэтых мясцовых выбараў улады правялі генеральную рэпетыцыю будучых выбараў прэзідэнта Беларусі, якія, магчыма, адбудуцца ўжо ў гэтым годзе.
Аляксандр Мілінкевіч выказаў упэўненасць, што адбытыя 25 красавіка выбары ў мясцовыя саветы не будуць прызнаны сапраўднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі міжнароднай супольнасцю.