Віцебшчына: Вынікі выбараў пакуль ніхто не абскарджвае
Сёння на паседжанні абласной выбарчай камісіі будуць падведзены афіцыйныя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў. Але ўжо да паседжання гэтага органа, можна зрабіць некаторыя высновы з мінулай выбарчай кампаніі.
Першым за ўсё варта адзначыць, што на Віцебшчыне аказалася самая вялікая яўка ў параўнанні з іншымі абласцямі краіны - амаль 91% ад усіх жыхароў, якія валодаюць правам голасу. Больш 30% выбаршчыкаў вобласці прыйшлі і прагаласавалі падчас правядзення датэрміновага галасавання. Каля 102 тысяч выбаршчыкаў прагаласавала ў дзень асноўнага галасавання ў сябе дома, што складае каля 10%. Пераважная большасць назіральнікаў (больш 2,7 тыс.) прадстаўлялі працоўныя калектывы, БРСМ і “Белую Русь”. Мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць працаваць без прадстаўнікоў апазіцыйных партый і грамадскіх груп.
Да цяперашняга часу ў вобласці ніводны з апазіцыйных або незалежных кандыдатаў у дэпутаты не выказаў жадання аспрэчыць вынікі выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”