Папярэднія высновы маніторынгу выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання
Папярэднія высновы МАНІТОРЫНГУ
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў
дэпутатаў дваццаць шостага склікання
25 КРАСАВІКА 2010
СПІС СКАРАЧЭННЯЎ
АВК – акруговая выбарчая камісія
ВК – Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь
Каляндарны план – Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання, зацверджаны Пастановай ЦВК ад 21.01.2010 № 7.
ТВК – тэрытарыяльная выбарчая камісія
УВК – участковая выбарчая камісія
ЦВК – Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў
І. Утварэнне выбарчых камісій па выбарах дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання
Мерапрыемствы па вылучэнні прадстаўнікоў у склад ТВК і АВК адбыліся ў адпаведнасці з Каляндарным планам.
Неабходна адзначыць, што ВК дапоўнены нормай, паводле якой органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной трэцяй часткі яе фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Аналіз фарміравання выбарчых камісій паказвае, што гэта норма была рэалізавана ў поўнай меры. У склад ТВК у цэлым па Беларусі ўключаны 4 171 прадстаўнік палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, ці 34,7 % ад агульнага складу камісій. Пры гэтым доля прадстаўнікоў палітычных партый сярод членаў камісій працягвае заставацца нязначнай. У ТВК яна склала толькі 0,9 %, у АВК – 6,6 % ад агульнай колькасці членаў камісій. Доля апазіцыйных партый застаецца мінімальная – 0,12 і 1,4 % адпаведна.
Акрамя таго, важна падкрэсліць, што больш за ўсё адмоў ва ўключэнні ў камісіі атрымалі прадстаўнікі палітычных партый. Са 149 прадстаўнікоў, вылучаных палітычнымі партыямі, у ТВК уключана 105 чалавек, ці 70,5 % (прадстаўнікоў, вылучаных апазіцыйнымі палітычнымі партыямі, – 25 %). Для параўнання: прадстаўнікоў грамадзян шляхам падачы заяў у ТВК – 87,7 %, прадстаўнікоў працоўных калектываў – 95,5, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў – 98 % ад колькасці вылучаных.
Больш за ўсё ў склад камісій уключана прадстаўнікоў Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справедливый мир»: 9 чалавек у ТВК, 48 – у АВК. Прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі – 4 і 14 адпаведна, прадстаўнікоў БСДП (Грамада) – 2 і 3 адпаведна, прадстаўнікоў Партыі БНФ – 0 і 6 адпаведна. З 43 прадстаўнікоў БХД, вылучаных ў ТВК грамадзянамі, у склад камісій уключаны толькі 3 чалавекі, што складае каля 7 %. У той жа час агульны працэнт уключэнняў прадстаўнікоў грамадзян шляхам збору подпісаў складае 87,7 %. Гэта сведчыць аб тым, што ў камісіі ўключаюцца пераважна «ўзгодненыя» кандыдатуры.
У АВК доля палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў узрасла да 50 %. Адначасова да 1,4 % павялічылася і прадстаўніцтва апазіцыйных партый. Са 180 прадстаўнікоў апазіцыйных партый у АВК ўключаны 72 чалавекі, ці 40 % ад колькасці вылучаных. Доля палітычных партый як асноўных суб'ектаў выбарчых кампаній у АВК працягвае заставацца нязначнай.
Паводле слоў назіральнікаў, пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, у многіх выпадках праходзілі непразрыста і недэмакратычна, а ў некаторых рэгіёнах і таемна.
Напрыклад, на пасяджэнне прэзідыума Аршанскага раённага Савета дэпутатаў і Аршанскага раённага выканаўчага камітэта па фарміраванні Аршанскай раённай выбарчай камісіі не былі запрошаныя прадстаўнікі, вылучаныя БСДП (Грамада) і Беларускай партыяй аб’яднаных левых «Справедливый мир», што пярэчыць ВК. На пасяджэнне прэзідыума Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў і Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта не была запрошана М. Статкевіч, вылучаная грамадзянамі ў Барысаўскую раённую выбарчую камісію. Аналагічныя факты адзначаны назіральнікамі ў Баранавічах, Наваполацку, Бабруйску і іншых гарадах.
У Гродна і Салігорску зафіксаваныя факты нядопуску назіральнікаў на пасяджэнні органаў мясцовага кіравання і самакіравання па фарміраванні выбарчых камісій. Правабаронцы лічаць, што, паколькі ВК прама не забараняе прысутнасць назіральнікаў, то іх назіранне за ходам пасяджэнняў адпавядала б духу адкрытасці і празрыстасці выбараў, закладзенаму ў ВК.
Рэальнага абмеркавання кандыдатур кандыдатаў у камісіі не адбывалася. Большасць пасяджэнняў доўжылася, як і ў мінулых выбарчых кампаніях, 15–20 хвілін, пры гэтым у сябры камісій абіраліся тысячы членаў. З гэтага вынікае, што галасаванне насіла фармальны характар.
Аналізуючы персанальны склад камісій, неабходна адзначыць, што з часу мінулых выбараў ён змяніўся нязначна. Паводле інфармацыі назіральнікаў, многія камісіі былі сфарміраваныя на 70–80 % з асоб, якія раней з'яўляліся членамі камісій. Раней большасць з іх абіралася ад працоўных калектываў або шляхам сбору подпісаў, зараз гэтыя ж людзі вылучаліся ад грамадзскіх аб’яднанняў.
Назіральнікі паведамляюць аб адзінкавых выпадках абскарджання рашэнняў па неўключэнні ў склад камісіі. Усе пададзеныя скаргі пакінутыя без задавальнення.
Гродзенскі абласны суд 4 лютага 2010 г. адмовіў у задавальненні скаргі Гродзенскай абласной арганізацыі партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада». Довады партыі аб тым, што на пасяджэнні кандыдатуры палітычных партый не абмяркоўваліся і галасаванне праходзіла па загадзя вызначаным спісе, судом не былі прынятыя пад увагу. У рашэнні суда адзначаецца: «больш за палову складу камісіі сфарміравана з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, што адпавядае патрабаванням ч. 2 арт. 34 ВК». Аналагічная матывацыя прыведзеная ў рашэнні Мінскага гарадскога суда па скаргах партыі БНФ і ГА «БНФ-Адраджэнне». Праваабаронцы адзначаюць, што істотныя недакладнасці ў дакументах грамадзян, уключаных у склад камісій, расцэнены судом як «нязначныя апіскі».
Адсутнасць у ВК крытэрыяў фарміравання камісій дазволіла звесці судовы разгляд скаргаў да фармальнай праверкі працэдуры стварэння камісій. Па сутнасці, дыскрымінацыйны характар неўключэння ў камісіі, у першую чаргу апазыцыйных актывістаў, судамі не даследаваўся і не ацэньваўся.
Высновы:
Нягледзячы на ўнясенне ў ВК змяненняў, згодна з якімі выбарчыя камісіі фарміруюцца, як правіла, з не менш чым адной траціны прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, доля палітычных партый у складзе выбарчых камісій на Выбарах дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання засталася нязначнай. Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у выбарчых камісіях зведзена да мінімуму.
Пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, у многіх выпадках праходзілі непразрыста і недэмакратычна, а ў некаторых рэгіёнах – таемна.
Як і ў папярэдніх выбарчых кампаніях, падчас Выбараў дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання галасаванне па кандыдатах у склад камісій праходзіла па спісе, рэальнага абмеркавання кандыдатур на пераважнай большасці пасяджэнняў не адбывалася. Выбарчыя камісіі сфарміраваны на 70–80 % з асоб, якія раней з'яўляліся членамі камісій.
Адзначаны адзінкавыя выпадкі абскарджання рашэнняў органаў па фарміраванні выбарчых камісій. З-за адсутнасці ў ВК крытэрыяў фарміравання выбарчых камісій разгляды скаргаў у судах праведзены фармальна. Усе пададзеныя скаргі пакінутыя судамі без задавальнення.
ІІ. Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
2.1. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп кандыдатаў
Як станоўчыя можна ацаніць змены, унесеныя напярэдадні Выбараў дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання у арт. 61 ВК. Яны спрасцілі працэдуру збору подпісаў у адным населеным пункце і патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў.
Адным са шляхоў вылучэння кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца вылучэнне яго групай грамадзян (ініцыятыўнай групай) шляхам збору подпісаў. У выбарчыя камісіі паступілі 16 903 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, сярод якіх 341 заява ад ініцыятыўных груп па вылучэнні сяброў палітычных партый. Большасць ініцыятыўных груп утварылі сябры Камуністычнай партыі Беларусі – 111 заяў, Партыі БНФ – 71, Аб’яднанай грамадзянскай партыі – 60 заяў.
Трэба адзначыць, што, зыходзячы з патрабавання наяўнасці арганізацыйных структур для вылучэння, многія палітычныя партыі выкарыстоўвалі якраз шлях збору подпісаў. Значную колькасць вылучаных гэтым шляхам претэндэнтаў (204 чалавекі) складаюць сябры незарэгістарванай партыі БХД, для якой гэта была адзіная магчымасць удзелу ў выбарах.
У параўнанні з мясцовымі выбарамі 2007 г. колькасць адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп скарацілася. У 2007 г. іх было больш за 100, у 2010 г. – толькі 23. Гэтыя лічбы сведчаць, што выбарчыя камісіі не былі схільныя ствараць перашкоды ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп.
Асноўнымі падставамі для адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп з’яўляліся: парушэнне ч. 1 арт. 65 ВК, згодна з якой дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаюцца ўласнаручна асобай, якая мае намер вылучыцца ў якасці кандыдата ў дэпутаты, а таксама парушэнне прыцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах, прапісанага ў арт. 5 ВК.
Так, Астравецкая АВК двойчы адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу сябра АГП І. Крука. Афіцыйна актывіста абвінавацілі ў тым, што пры фармаванні ініцыятыўнай групы ён парушыў прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах. І. Крук сцвярджае, што сяброў яго ініцыятыўнай групы запалохалі супрацоўнікі райвыканкаму, паабяцаўшы ўнесці ў так званыя «чорныя спісы».
У адпаведнасці з ч. 9 арт. 61 ВК збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыцяўляцца ў форме пікетавання. Дазволу на такую форму збору подпісаў не патрабуецца, калі ён праводзіцца ў месцах, не забароненых для гэтага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Трэба адзначыць, што многія мясцовыя органы ўлады прынялі рашэнні, якімі максімальна абмежавалі магчымасць збору подпісаў у шматлюдных месцах. «Дазволенымі» былі вызначаны пляцоўкі, аддаленыя ад цэнтраў населеных пунктаў і руху транспарту, ці іншыя месцы, якія рэдка наведваюцца выбаршчкамі. Названыя рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады прывялі да таго, што большасць прэтэндэнтаў не выкарыстоўвалі пікетаванне як форму збору подпісаў.
З рашэння Глыбокскага раённага выканаўчага камітэта ад 09.02.2010 № 123: «Забараніць збор подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў у месцах, якія перашкаджаюць руху транспарту і людскіх патокаў, на чыгуначным вакзале, аўтастанцыі г. Глыбокае, у грамадскім транспарце, установах адукацыі, культуры, медыцыны, гандлёвых кропках і іншых месцах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва раёна». Падобныя забароны былі прынятыя ў Бешанковічах, Верхнядзвінску, Талачыне, Лепелі, Шуміліне, Паставах, Гарадку, Оршы, Наваполацку і іншых гарадах і раённых цэнтрах Беларусі.
Працэдура збору подпісаў грамадзян рэгулюецца арт. 61 ВК, згодна з якім удзел адміністрацый у зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збору подпісаў, не дапускаецца. Пастанова ЦВК рэгламентавала збор подпісаў на тэрыторыях вайсковых частак і ў інтэрнатах – толькі па ўзгадненні з камандзірамі вайсковых частак, а на тэрыторыі інтэрнатаў – з улікам патрабаванняў правілаў унутранага распарадку. Гэтая норма фактычна абмежавала магчымасці збору подпісаў на вызначаных тэрыторыях. На практыцы гэта прывяло да таго, што самі прэтэндэнты і сябры ініцыятыўных груп не маглі туды трапіць.
Так, прэтэндэнт у кандыдаты ад БСДП(Г) Л. Падбярэцкі некалькі дзён ўступаў дабіваўся ад кіраўніцтва Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова – Бандарэнка і У. Ясева, – каб атрымаць дазвол на збор подпісаў у інтэрнаце № 1. Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны ў асобах А. Рагачова, С. Ханені не дазволіла збіраць подпісы і ў інтэрнаце № 4, спасылаючыся на пастановы аб унутраным распарадку ў інтэрнатах, а таксама на тлумачэнні ЦВК.
Назіральнікамі фіксаваліся факты ціску на сяброў ініцыятыўных груп з мэтай прымусіць претэндэнтаў у кандыдаты спыніць удзел у перадвыбарчай кампаніі. Лідэр Мінскай абласной моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты» А. Агафонаў адмовіўся ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты Любанскага райсавета. Ён не здаў падпісныя лісты ў раённую выбарчую камісію з-за ціску на настаўнікаў – сяброў ініцыятыўных груп, сярод якіх была і яго жонка.
У Бабруйску 02.03.2010 у мясцовым аддзеле КДБ 3 гадзіны доўжыўся допыт лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Ю. Грынявіцкага, які з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты аднапартыйца А. Стасяловіча. Фармальнай нагодай для выкліку ў КДБ стала канферэнцыя сацыял-дэмакратаў у Друскенікаі, якая адбылася ў апошнія дні лютага.
Назіральнікі адзначаюць, што з боку выбарчых камісій, адміністрацый прадпрыемстваў і навучальных устаноў ціск на прэтэндэнтаў у дэпутаты і на сяброў ініцыятыўных груп не зменшыўся. Сёлетняя выбарчая кампанія характарызуецца павышанай увагай афіцыйных улад, у прыватнасці аддзелаў ідэалогіі пры гарвыканкамах, міліцыі і праваахоўчых органаў, да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія вырашылі вылучацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.
Як сведчаць назіральнікі, ціск быў аказаны на Н. Сотнікаву (г. Віцебск), У. Качагура, пастара царквы «Новае Пакаленне» (г. Навагрудак), Т. Зайцаву, кіраўніцу рэабілітацыйнага цэнтра «Твой выбар» (г. Калінкавічы). Прэтэндэнту на дэпутацкі мандат у г. Бабруйску, сябру ініцыятыўнай групы па стварэнні Партыі БХД В. Шэлегу па даручэнні намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкама М. Кавалевіча была выказана прамая пагроза аб звальненні. Сябра аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД з г. Баранавічы А. Кабяк звольнены з працы.
У адпаведнасці з ч. 2 арт. 65 ВК адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы можа быць абскарджаная. Назіральнікі адзначаюць, што скаргаў на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было пададзена няшмат. Зафіксаваны адзінкі станоўчых рашэнняў па абскарджаннях адмовы ў рэгістрацыі. Гродзенская абласная выбарчая камісія прыняла скаргу І. Крука да разгляду, хаця тэрміны абскарджання па пэўных прычынах ужо былі прапушчаныя, і адмяніла рашэнне Астравецкай раённай камісіі. Таксама Гомельская абласная выбарчая камісія задаволіла скаргу актывісткі незарэгістраванай Партыі БХД, прэтэндэнта ў кандыдаты Калінкавіцкага раённага Савета Т. Зайцавай.
Пасля стварэння ТВК і АВК многія праваабаронцы пачалі вылучацца ў якасці назіральнікаў у адпаведныя камісіі. Зафіксаваныя выпадкі адмовы ў рэгістрацыі (праваабаронцу А. Мацкевічу ў Барысаўскай раённай выбарчай камісіі) і адмовы ў прадастаўленні поўнай і ўсебаковай інфармацыі.
У г. Гродна зарэгістраваны ў якасці назіральніка ад БХК Р. Юргель 22.02.2010 па загаду старшыні камісіі С. Сямашка не быў дапушчаны на пасяджэнне Вішнявецкай АВК № 12. На зарэгістраваную ў якасці назіральніка ад БХК па Пралетарскай выбарчай акругі № 17 С. Рудкоўскую з боку службовых асоб адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна Б. Фёдарава, У. Кузьмянкова, А. Архіпава аказваўся ціск. На С. Рудкоўскую 03.03.2010 быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і ёй прысуджаны штраф. Назіральніца лічыць дзеянні адміністрацыі пераследам за ўдзел у выбарчай кампаніі.
2.2. Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў рэгулюецца арт. 67 і 68 ВК. У арт. 68 былі ўнесеныя змены, якія прадаставілі асобе, што вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, права знаёміцца з матэрыяламі праверкі пададзеных ёю дакументаў аб рэгістрацыі. Гэта мае істотны характар, паколькі раней пры адмове ў рэгістрацыі фактычна немагчыма было падаць абгрунтаваную скаргу з-за нежадання выбарчых камісій прадаставіць вынікі праверкі, якія паслужылі падставай для адмовы ў рэгістрацыі.
Назіральнікі адзначаюць, што на пасяджэннях выбарчых камісій па праверцы дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі кандыдатаў, не маглі прысутнічаць зарэгістраваныя ў гэтых камісіях назіральнікі. Як і раней, працэс праходзіў закрыта і непразрыста. Неаднаразова фіксаваліся выпадкі адмоў з боку выбарчых камісій претэндэнтам у кандыдаты ў азнаямленні з матэрыяламі праверак. Можна зрабіць выснову, што выбарчыя камісіі пры праверцы вышэйазначаных дакументаў не кіраваліся патрабаваннямі ВК.
Падчас выбараў у мясцовыя саветы 2010 г. працэнт адмоў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў меншы, чым на папярэдніх выбарах. Апазіцыйныя палітычныя партыі агулам вылучылі 297 кандыдатаў у дэпутаты, з якіх было адмоўлена 57 сябрам палітычных партый, што складае 19,1 % ад колькасці вылучаных ад палітычных партый. Трэба ўлічваць, што палітычныя партыі вылучалі сваіх прадстаўнікоў у асноўным шляхам збору подпісаў, таму працэнт адмоў меншы ў агульнай лічбе вылучаных ад дэмакратычных палітычных партый.
У якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў афіцыйна зарэгістраваныя 25 035 чалавек, адмоўлена ў рэгістрацыі 318 асобам, 122 адклікалі свае дакументы. Адмовы ў рэгістрацыі складаюць усяго 1,27 % ад агульнай лічбы кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам, на адно дэпутацкае месца ў сярэднім прэтэндавалі каля 1,2 чалавека.
Ад палітычных партый зарэгістраваныя 513 кандыдатаў у дэпутаты, што значна болей, чым на папярэдніх мясцовых выбарах, калі аналагічная лічба складала ўсяго 177 чалавек. Ад Беларускай партыі левых «Справедливый мир» зарэгістраваныя 99 кандыдатаў у дэпутаты са 126 вылучаных прадстаўнікоў; ад АГП – 77 з 94; ад Партыі БНФ – 33 з 35; ад БСДП (Грамада) – 29 з 32; ад БСДГ – 2 з 2 вылучаных прадстаўнікоў. Ад КПБ зарэгістраваны 199 кандыдатаў у дэпутаты, ЛДПБ – 48, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 7; Беларускай аграрнай партыі – 2; Беларускай сацыальна-спартыўнай партыі – 2; ад Рэспубліканскай партыі – 1; Патрыятычнай партыі – 1 прадстаўнік.
Адной з асаблівасцяў гэтай выбарчай кампаніі з’явілася вялікая колькасць безальтэрнатыўных акруг, па якіх вылучаўся толькі адзін кандыдат.
Так, напрыклад, у Гродзенскі гарсавет на 30 акруг зарэгістраваныя 55 кандыдатаў, 14 акруг – безальтэрнатыўныя. Сярод кандыдатаў 14 сяброў апазыцыйных партый. На 34 месцы ў Барысаўскім раённым Савеце прэтэндаваў 41 кандыдат. Пераважная большасць выбарчых акруг на тэрыторыі Барысаўскага раёна – безальтэрнатыўныя. Адно з нешматлікіх выключэнняў – акруга № 15 – адзіная, дзе прайшлі рэгістрацыю адразу тры кандыдатуры. З сябрам Партыі БНФ і актывістам руху «За Свабоду» З. Бабіцкім змагаліся за кандыдацкі мандат два чалавекі – дырэктар Барысаўскага політэхнічнага каледжа У. Шмакаў і дырэктар ААТ «Лесахімік» В. Шкаруба.
Канкурэнцыя захавалася выключна ў Мінску, дзе на адно дэпутацкае месца прэтэндавалі 3,9 кандыдата. У іншых абласцях Беларусі на адно дэпутацкае месца прэтэндавалі не больш за 1,2 чалавека.
Пасялковыя і сельскія выбарчыя акругі ў пераважнай большасці таксама засталіся безальтарнатыўнымі. Напрыклад, у Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях у сельскія, пасялковыя саветы вылучаліся 1–1,1 чалавека на месца. Сітуацыя адрознівалася толькі ў Магілеўскай вобласці, дзе ў сельскія, пасялковыя саветы вылучаліся 1,8 кандыдата на адно дэпутацкае месца.
Як сведчаць вынікі аналізу фактаў адмоў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, пераважная большасць такіх адмоў прынятая ў дачыненні да прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сіл. Так, са 173 прэтэндэнтаў ад партыі БХД, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, зарэгістравана толькі 82 (47%). Большасць такіх прэтэндэнтаў абскарджвалі адмовы ў вышэйстаячых камісіях.
Таксама і прадстаўнікі іншых палітычных сіл, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, абскарджвалі адмовы. Напрыклад, сябра АГП В. Гіршкевіч абскардзіў адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў, падставай для якой паслужыла тое, што прэтэндэнт пражывае на тэрыторыі Кобрынскага раёна і там жа зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты. У адпаведнасці з арт. 60 ВК кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў могуць быць вылучаны грамадзяне, якія пражываюць ці працуюць на тэрыторыі адпаведнага мясцовага савета.
Адной з асноўных прычын для адмовы ў рэгістрацыі пры вылучэнні ініцыятыўнымі групамі грамадзян шляхам збору подпісаў з’яўляецца прызнанне подпісаў несапраўднымі.
На гэтай падставе было адмоўлена сябру Партыі БНФ У. Целяпуну. Сакратар Мазырскай раённай выбарчай камісіі прад’явіла два падпісныя лісты, у якіх у графе «месца жыхарства» не было назвы горада (г. Мазыр). Пры гэтым яна заявіла, што ў названых лістах могуць указвацца грамадзяне, якія жывуць у іншых гарадах. паколькі там таксама можа быць вул.Палеская. Аднак, у адпаведнасці з ч. 15 арт. 61 ВК «калі ў падпісным лісце, паступіўшым у раённую камісію, утрымліваюцца подпісы выбаршчыкаў, пражываючых на тэрыторыі розных раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў у горадзе, праверцы і ўліку падлягаюць толькі подпісы, сабраныя на тэрыторыі таго раёна, горада, раёна ў горадзе, дзе ўтворана камісія, у якую здадзены гэты падпісны ліст. Астатнія подпісы не правяраюцца і не ўлічваюцца». Як відаць, з боку сакратара Мазырскай раённай выбарчай камісіі выявіліся перадузятыя адносіны да кандыдата ў дэпутаты, а няправільная трактоўка заканадаўчай нормы стала падставай для адмовы ў рэгістрацыі.
Высновы:
1. У цэлым рэгістрацыя ініцыятыўных груп і кандыдатаў у дэпутаты на Выбарах дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання прайшла больш дэмакратычна і празрыста ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі.
2. Аднак па-ранейшаму фіксаваліся факты ціску з боку дзяржаўных органаў улады, дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў на сяброў ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, а таксама на прэтэндэнтаў у кандыдаты з мэтай іх адмовы ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Мелі месца факты палітычна матываваных звальненняў з працы.
3. Назіральнікі адзначаюць закрытасць выбарчага працэсу ў частцы праверкі дакументаў па рэгістарцыі кандыдтаў у дэпутаты.
4. Дзяржаўныя СМІ фактычна не асвятлялі этап вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
ІІІ. Правядзенне агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання
Арт. 4 ВК прадстаўляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў у дэпутаты, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі. Арт. 74 ВК гарантуе кандыдатам у дэпутаты роўнае права выступаць на перадвыбарчых і іншых сходах, паседжаннях, у друку, па дзяржаўнаму радыё. Арт. 73 ВК забараняе выкарыстанне перавагі службовага становішча ў інтарэсах абрання.
Паводле дзеючага выбарчага заканадаўства агітацыя кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі ажыцяўляецца ў трох формах:
агітацыя праз друкаваныя матэрыялы;
агітацыя праз СМІ;
агітацыя шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў і сустрэч з выбаршчкамі.
3.1. Агітацыя праз друкаваныя матэрыялы
У адпаведнасці з арт. 45 ВК, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, улётак, фотаматэрыялаў. На аплату выдаткаў кандыдату ў дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў выдзяляюцца сродкі з бюджэту ў памеры 8 базавых велічынь, кандыдату ў дэпутаты раённага, гарадскога (горада абласнога падпарадквання) Савета дэпутатаў – 4 базавых велічынь, кандыдату ў дэпутаты гарадскога (горада раённага падпарадкавання), пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў – 1 базавай велічыні.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі камісіямі выдзяляюць на тэрыторыі ўчасткаў месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Не дапускаецца зняцце, пашкоджанне плакатаў, калі гэтыя плакаты выраблены і размешчаны з выкананнем патрабаванняў заканадаўства.
Згодна з арт. 48 ВК, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь не маюць права аказваць іншую матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд, дзе яны падзяляюцца пароўну паміж усімі кандыдатамі ў дэпутаты. Выкарыстанне асобай, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі ў парушэнне дадзеных патрабаванняў, цягне адпаведна адмову ў рэгістрацыі кандыдата ці адмену рашэння аб ягонай рэгістрацыі.
Стварэнне выбарчых фондаў кандыдамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў ВК не прадугледжана. Выраб усёй агітацыйнай прадукцыі кандыдатамі ў дэпутаты, як і правядзенне агітацыйнай кампаніі наогул, ажыцяўляецца выключна за грошы, выдзеленыя для гэтых мэтаў з бюджэту. (У адпаведнасці з апошнімі зменамі ў ВК стварэнне такіх фондаў кандыдатамі прадугледжана толькі падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Такім чынам, прававыя ўмовы правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдадамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпуататаў двадцаць шостага склікання былі тыя ж, што і падчас папярэдніх выбарчых кампаній.
Нязначная колькасць грашовых сродкаў, прадугледжаных заканадаўствам для вырабу агітацыйных матэрыялаў, не дазваляе ажыццявіць заўважную і выразную агітацыю. Выдаткаваных з бюджэта сродаў фактычна хапіла толькі на друк агітацыйных матэрыялаў для інфармацыйных стэндаў. Іншых відаў друкаванай прадукцыі – улётак, запрашэнняў на сустрэчы з выбаршчыкамі – было відавочна недастаткова для правядзення паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі і данясення да выбаршчыкаў інфармацыі пра кандыдатаў і іх праграмы. Асабліва малазаўважнай і малаінфарматыўнай была агітацыйная кампанія ў рэгіёнах.
Выдаткаваных сродкаў на правядзенне агітацыі А. Паўлоўскаму, кандыдату ў дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі і абласны Саветы, хапіла на выраб агітацыйных матэрыялаў адпаведна на 20% і 40% выбаршчыкаў акруг, па якіх ён вылучаецца. «Калі ўлічыць, што на маёй абласной выбарчай акрузе 15 000 выбаршчыкаў, – гаворыць А. Паўлоўскі, – то сваімі агітацыйнымі матэрыяламі я накрываю ўсяго каля 40% выбаршчыкаў. Як кандыдат ў дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў, я змог надрукаваць агітацыйных матэрыялаў толькі на 20% выбаршчыкаў».
Былі зафіксаваны выпадкі цэнзуры падрыхтаваных кандыдатамі інфармацыйных матэрыялаў. Мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, АВК і ТВК, а ў шэрагу выпадкаў і арганізацыі, з якімі былі заключаны адпаведныя дамовы на выраб друкаваных матэрыялаў, патрабавалі папярэдняга ўзгаднення тэкстаў з адпаведнымі мясцовымі выканакамамі.
Аршанская друкарня паведаміла кандыдату ў дэпутаты Віцебскага абласнога Савета М. Петрушэнка, што ўсе ўлёткі могуць быць надрукаваны толькі па ўзгадненні з Аршанскім гарвыканкамам. 16.04.2010 М. Петрушэнка падаў скаргу на Аршанскі гарвыканкам ў пракуратуру г. Оршы.
Дырэктар Мазырскай дзяржаўнай друкарні «Колор» С. Дылюк адмовіў кандыдату ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў У. Целяпуну ў друкаванні агітацыйных матэрыялаў, патлумачыўшы, што «такое ён надрукаваць не можа», інакш у яго забяруць ліцэнзію. Кандыдат абскадзіў дзеянні С. Дылюка і бяздзеянне акруговай камісіі па выпраўленні сітуацыі. Намеснік старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі А. Усаў даў фармальны адказ на скаргу У. Целяпуна.
У друкарні «Артлайн» г. Брэста адмовілі друкаваць агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты Брэсцкага раённага Савета па Ямінскай выбарчай акрузе № 21 А. Кузняцова. Яму патлумачылі, што ў друкарню патэлефанавала кіраўнік аддзела ідэалогіі Брэсцкага райвыканкама Л. Лемех, якая выказала негатыўную пазіцыю адносна улётак А. Кузняцова. Давераныя асобы кандыдата ўказалі Л. Лемех на адказнасць за падобнае ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс. Аднак адміністрацыйны рэсурс перамог – агітацыйныя матэрыялы апазіцыйнага кандыдата надрукаваны не былі.
Прыватныя паліграфічныя прадпрыемствы г. Гомеля па розных прычынах адмаўляліся друкаваць матэрыялы незалежных кандыдатаў. Кандыдату ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета, каардынатару ствараемай партыі БХД С. Шапавалаву ў адным з іх паведамілі, што ёсць негалосны загад не друкаваць улеткі і наогул не размаўляць з кандыдатамі, якія хочуць замовіць падобную прадукцыю. «У трох прыватных прадпрыемствах нас адаслалі ў дзяржаўны «Палесдрук», – патлумачыў С. Шапавалаў. – Аднак улёткі ў выглядзе налепак «Палесдрук» вырабіць не можа. Зрабіць толькі частку ў папяровай форме яны адмовіліся».
У Мінску назіральнікамі зафіксаваныя шматлікія выпадкі знішчэння агітацыйных матэрыялаў супрацоўнікамі ЖЭС. На вул. Берасцянскай у Партызанскім раёне на тэрыторыі Першамайскай выбарчай акругі № 56 супрацоўнікі ЖЭС № 12 сарвалі агітацыйныя ўлёткі кандыдата ў дэпутаты В. Канапацкага. На пытанне кандыдата, яны адказалі, што атрымалі загад ад майстра ЖЭС здымаць з дошак усю інфармацыю, што не датычыць жыллёвай службы. Гэта з’яўлецца парушэннем рашэння Мінгарвыканкама ад 25 лютага 2010 года № 475 «Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі пры правядзенні выбараў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў дваццаць шостага склікання».
3.2. Агітацыя праз СМІ
У адпаведнасці з арт. 46 ВК, кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, з моманту рэгістрацыі кандыдатаў на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі СМІ. Вызначаныя законам СМІ абавязаны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў, правядзення агітацыі па выбарах. Выступы кандыдатаў забяспечваюцца на роўных падставах. Час выступу і працэдура яго прадастаўлення рэгулюецца спецыяльнай Пастановай ЦВК.
Роля недзяржаўных СМІ ў асвятленні выбараў была нязначнай. Гэта тлумачыцца агульным станам незалежных СМІ ў Беларусі, большасць з якіх яшчэ ў 2006 г. былі выключаны з дзяржаўнай сістэмы распаўсюджвання і дагэтуль з’яўляюцца недаступнымі для масавага чытача.
Назіральнікі адзначаюць недахоп інфармацыі аб выбарах у дзяржаўных СМІ. Дзяржаўныя газеты, рэспубліканскія і мясцовыя, фактычна не асвятлялі ход выбараў і абмяжоўваліся публікацыяй афіцыйных паведамленняў. У многіх рэгіёнах інфармацыя пра кандыдатаў у друкаваных дзяржаўных СМІ доўгі час не з’яўлялася. Выключэнне склалі публікацыі, прысвечаныя «праўладным» кандыдатам, дзе асвятлялася іх дэпутацкая дзейнасць ці праца на пасадзе кіраўнікоў прадпрыемстваў.
Агітацыйныя матэрыялы незалежных кандыдатаў дзяржаўныя газеты нярэдка адмаўляліся друкаваць. Кандыдат у дэпутаты Мазырскага раённага Савета Ф. Вячорка перадаў у раённую газету «Жыццё Палесся» сваю выбарчую праграму для публікацыі. Галоўны рэдактар Л. Чорная адмовіла яму ў пісьмовай форме, спаслаўшыся арт. 75 ВК. Ф.Вячорка мяркуе, што адмова звязана з крытычнымі тэзісамі праграмы.
Выступ па радыё прадугледжаны ВК толькі для кандыдатаў, якія балатуюцца ў абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветы дэпутатаў. Назіральнікі адзначаюць, што агітацыя праз радыё не прыцягвае сёння вялікай увагі выбаршчыкаў, таму што большасць насельніцтва слухае FM-станцыі. У гарадах трансляцыя выступаў кандыдатаў па правадным радыё з’яўляецца «тэхналогіяй учорашняга дня». У выніку гэтага кандыдаты, якія вылучаюцца ў гарадах, страчваюць вялікую колькасць патэнцыйных выбаршчыкаў. Такім чынам, заканадаўчае права кандыдатаў карыстацца дзяржаўным радыёвяшчаннем у мэтах агітацыі хаця і рэалізоўваецца, але дае мінімальны вынік.
Назіральнікамі фіксаваліся выпадкі цэнзуры радыёвыступаў кандыдатаў у дэпутаты. У г. Бешанковічы Віцебскай вобласці радыёвыступ кандыдата ў дэпутаты раённага Савета, мясцовага настаўніка і сябра БХД Г. Станкевіча быў запісаны. У ім кандыдат сярод іншага звяртаў ўвагу выбаршчыкаў на безальтэрнатыўныя акругі. Аднак раённая выбарчая камісія не пусціла запіс у эфір. Г. Станкевічу патлумачылі, што раённы выбаркам забараніў яго выступ з-за таго, што «ён можа зняславіць іншых кандыдатаў у дэпутаты райсавета, і змест выступу не тычыцца пытанняў праграмы кандыдата».
3.3. Агітацыя шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў, сустрэч з выбаршчыкамі
Змены, унесеныя ў ВК, закранулі такі від агітацыі, як правядзенне масавых мерапрыемстваў, сустрэч з выбаршчыкамі. Да іх прыняцця масавыя мерапрыемствы (сходы, мітынгі, дэманстрацыі) з мэтай агітацыі трактаваліся як дзеянні, якія рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь». Новы арт. 45-1 ВК спецыяльна рэгламентуе названую форму агітацыі. У ім вызначана, што масавае мерапрыемства, а таксама падрыхтоўка да яго павінна быць спынена па патрабаванні кіраўніка ці намесніка кіраўніка мясцовага выканаўчага органа, орагана ўнутраных спраў у выпадку невыканання кандыдатам, даверанай асобай патрабаванняў, прадугледжаных ч. 2 арт. 45.1.
Яшчэ адным з магчымых сродкаў агітацыі з’яўляецца правядзенне сходаў у памяшканнях, а таксама правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі. Мясцовыя распарадчыя органы па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы для іх правядзення. У адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі «Арганізацыйна-прававыя пытанні працы тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання», на выбарчыя камісіі кладзецца абавязак інфармаваць выбаршчыкаў праз СМІ ці іншым чынам аб даце і месцы сустрэчы з кандыдатам, яго даверанай асобай, ці сходзе, арганізаваным грамадзянамі.
На практыцы пры вызначэнні месцаў сходаў і сустрэч мясцовыя распарадчыя органы не прытрымліваліся прынцыпа найбольшай наведваемасці. Нярэдка месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў знаходзіліся па-за межамі выбарчай акругі адпаведнага Савета. У вялікіх гарадах вызначалася па некалькі месцаў, а ў шэрагу выпадкаў – толькі адно.
Гэта прывяло да таго, што ў большасці акругаў кандыдаты не мелі рэальнай магчымасці для агітацыі шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў.
Назіральнікі з Баранавіч, Салігорска, Магілёва, Мастоў звярталіся ў ЦВК са скаргамі на дзеянні мясцовых выканаўчых улад, якія вызначылі недастаткова месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі. У выніку былі вызначаны дадатковыя месцы для правядзення агітацыі. Пры гэтым у адказе ЦВК было адзначана, што закон не прадугледжвае абавязковае іх вызначэнне ў кожнай выбарчай акрузе. Гэта з’яўляецца сур’ёзнай хібай дзеючага заканадаўства, паколькі нярэдка кандыдаты былі вымушаны праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў месцы, якое знаходзіцца па-за межамі акругі, па якой ён балатуецца, і на якой пражываюць ягоныя выбаршчыкі.
Напрыклад, кандыдат у дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета З. Кухлей звярнуўся у ЦВК са скаргай на рашэнне Мастоўскага райвыканкама, згодна з якім у цэлым раёне выдзелены толькі два месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў – стадыён «Нёман» і пляцоўка для правядзення кірмашоў каля Мастоўскага рынка. У раёне вызначаны 25 выбарчых акруг, з якіх 12 – непасрэдна ў Мастах, астатнія 13 — у сельскай мясцовасці. Кандыдат З. Кухлей звярнуў увагу на тое, што абсалютная большасць кандыдатаў пазбаўлена магчымасці праводзіць выбарчую агітацыю шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў. Асабліва гэта датычыць тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці.
Салігорскі выканаўчы камітэт перагледзеў рашэнне аб прызначэнні месцаў для вядзення агітацыі. Прадстаўнікі штаба А. Валабуева і сябры БХК звярнуліся са скаргай у ЦВК, якая прыняла бок праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў і яшчэ ў сакавіку рэкамендавала выканкаму пераглядзець рашэнне. У выніку былі вылучаныя для агітацыі дадатковыя пляцоўкі ў горадзе, аднак дадатковых памяшканняў на тэрыторыях выбарчых акругаў прадугледжана па-ранейшаму не было.
Таксама трэба адзначыць, што часта вызначаныя для агітацыі месцы не з’яўляліся найбольш наведваемымі выбаршчыкамі, што не адпавядае агульнаму патрабаванню арт. 45 ВК. Відавочна ўлады імкнуліся максімальна абмежаваць магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў у мэтах агітацыі.
Новая норма ВК, якая ўтрымлівае заяўляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў, спрасціла працэдуру агітацыі. Аднак у сітуацыі, калі органамі мясцовай улады вызначаюцца маланаведваемыя месцы ці месцы па-за межамі акругі, на якой балатуецца канкрэтны кандыдат, гэта не садзейнічала эфектыўнай агітацыі. Заканадаўчыя новаўвядзенні на практыцы не прывялі да павялічэння магчымасцяў для агітацыі і даступнасці інфармацыі аб кандыдатах для выбаршчыкаў.
У адпаведнасці з арт. 40, 41, 42 ВК выбарчыя камісіі адпаведных узроўняў абавязаны садзейнічаць кандыдытам у дэпутаты, давераным асобам у правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі ў памяшканнях.
Назіральнікі адзначаюць факты перашкодаў з боку мясцовых органаў выканаўчай і распарадчай улады ў правядзенні сустрэч. Так, 15 красавіка на пляцоўцы каля будынка Дома культуры «40 год Кастрычніка» г. Мазыра адбылася сустрэча кандыдата ў дэпутаты у Мазырскі райсавет Ф. Вячоркі і кандыдата ў дэпутаты ў Гомельскі абласны Савет У. Целяпуна з выбаршчыкамі мікрараёна «Чыгуначны» г. Мазыра. У памяшканне Дома культуры кандыдатаў не пусцілі, паведаміўшы, што на гэты час прызначаны паказ відэафільма.
Падчас агітацыйнай кампаніі мелі месца і выпадкі вынясення папярэджанняў кандыдатам у дэпутаты за парушэнне правіл правядзення агітацыйных мерапрыемстваў у выглядзе масавых мерапрыемстваў. 15 красавіка Віцебская гарадская выбарчая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне актывісту БХД, кандыдату ў дэпутаты гарсавета па Тэхналагічнай выбарчай акрузе № 9 У. Рамановічу.
Назіральнікамі зафіксаваны выпадак адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты ў Віцебскі абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў В. Карач. Яна ажыццяўляла агітацыю, раздаючы выбаршчыкам паветраныя шарыкі і каляндарыкі, што было расцэнена як подкуп выбаршчыкаў.
У той жа час трэба падкрэсліць, што гэта адзіны выпадак. Фактычна камісіі абмяжоўваліся вынясеннямі папярэджанняў, якія таксама насілі адзінкавы характар.
Высновы:
1. Змены ў выбарчым заканадаўстве, скіраваныя на спрашчэнне прававога рэгулявання правядзення масавых мерапрыемстваў і сустрэч з выбаршчыкамі, на практыцы не прывялі да павелічэння эфектыўнасці выбарчай кампаніі і паляпшэння ўмоў агітацыі. Прычынай гэтага з’явіліся неабгрунтаваныя абмежаванні пры вылучэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады.
2. У цэлым на Выбарах дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання з боку выбарчых камісій розных узроўняў не назіралася вялікай колькасці папярэджанняў кандыдатаў. Зафікасаваны адзін выпадак пазбаўлення рэгістрацыі за парушэнне парадку правядзення агітацыі.
3. Грашовых сродкаў, якія выдзяляліся з бюджэту для друку агітацыйных матэрыялаў, было відавочна недастаткова, што сказалася на эфектыўнасці агітацыйнай кампаніі ў цэлым.
4. Зафіксаваны выпадкі цэнзуры тэкстаў агітацыйнай прадукцыі з боку мясцовых выканкамаў, выбарчых камісій і прадпрыемстваў, якія ажыццяўлялі друк матэрыялаў, а таксама выпадкі цэнзуры выступаў кандыдатаў з боку радыёвяшчальных органаў.
5. Агітацыя кандыдатаў мела даволі абмежаваны характар, была малазаўважнай для выбаршчыкаў. Дзяржаўныя СМІ недастаткова ўдзялялі ўвагі мясцовым выбарам.
IV. Галасаванне, вызначэнне вынікаў галасавання |
4.1. Датэрміновае галасаванне
Згодна з арт. 53 ВК выбаршчык мае права прагаласаваць датэрмінова –не раней, чым за пяць дзён да выбараў, ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем. Закон не патрабуе афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў. У перыяд датэрміновага галасавання штодня старшыня ўчастковай камісіі або яго намеснік складаюць адпаведны пратакол, копія якога вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў памяшканні УВК.
Як і ў папярэдніх выбарчых кампаніях, на Выбарах дэпутутаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання актыўна выкарыстоўвалася датэрміновае галасаванне.
Працягвалася практыка прымусу да датэрміновага галасавання студэнтаў і навучэнцаў. Пры гэтым адміністрацыямі ВНУ былі прынятыя меры заахвочвання – у суботу, 24 красавіка, навучэнцы і студэнты вызваляліся ад заняткаў і ад удзелу ў рэспубліканскім суботніку. Гэта зафіксавана ў каледжах г. Бабруйска, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце ім. А.С. Пушкіна і ў іншых навучальных установах.
Перад органамі мясцовай улады была пастаўлена задача забяспечыць правядзенне датэрміновага галасавання. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя метады. Як правіла, прадстаўнікі адміністрацыі накіроўваліся ў якасці назіральнікаў ад працоўных калектываў на ўчасткі для галасавання, дзе ажыццяўлялі кантроль яўкі работнікаў, як падчас датэрміновага галасавання, так і ў асноўны дзень галасавання. Гарадскія ўлады Бабруйска, напрыклад, для закліку на датэрміновае галасаванне выкарысталі радыёсувязь у грамадскім транспарце.
У першы дзень датэрміновага галасавання ў г.п. Падсвілле Глыбоцкага раёна, дзе на сустрэчы з выбаршчыкамі была давераная група кандыдата ў абласны Савет дэпутатаў ад аргкамітэта па стварэнні БХД Я. Самсонава, назіралася наступнае: выбаршчыкаў, супрацоўнікаў КУП «Падсвільскі завод харчовых прадуктаў», прывезлі аўтобусам у Дом культуры. Пасля галасавання ім адразу быў выдадзены заробак.
Кандыдат у дэпутаты ў Пастаўскі раённы Савет дэпутатаў па выбарчай акрузе № 24 М. Гіль назіраў арганізаваны прывоз на ўчасткі супрацоўнікаў глыбоцкага прадпрыемства ААТ «МКК».
У выніку актыўных захадаў па прымусу да датэрміновага галасавання прагаласавала, паводле дадзеных ЦВК, 2.059.230 чалавек ( 29,3% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў). Ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў на выбарах (гэта 79,5%), гэта складае 37% – больш за адну трэцюю частку. У Мінску 40% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, аддалі сваегаласы датэрмінова.
Цікавая тэндэнцыя была адзначаная пры датэрміновым галасаванні ў г. Маладэчна. Па стане на 23 красавіка на ўчастках, па якіх вылучаліся кандыдаты ад улады і апазіцыйныя кандыдаты, вынікі яўкі склалі больш за 30%. На безальтэрнатыўных акругах яўка была не больш за 5%.
Па Сухараўскай выбарчай акрузе № 30 у першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастках, дзе вялося назіранне, працэнт яўкі выбаршчыкаў быў у некалькі разоў меншы за працэнт яўкі на ўчастках, дзе назірання не вялося. Пра аналагічныя тэндэнцыі паведамляюць назіральнікі і з іншых рэгіёнаў.
Варта адзначыць, што вынікі датэрміновага галасавання істотна адрозніваюцца ад вынікаў волевыяўлення выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання. М. Шарсцюк, які назіраў за падлікам галасоў на ўчастку для галасавання № 15 у г. Полацку, паведаміў, што ў выніку асобнага падліку галасоў высветлілася, што пасля датэрміновага галасавання і галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў ўсе галасы былі аддадзеныя за праўладнага кандыдата. У той жа час у асноўны дзень галасавання за кандыдата ад БПЛ «Справедливый мир» прагаласавала, па афіцыйных дадзеных, не менш за 10% выбаршчыкаў.
Сябра партыі БНФ, актывіст руху «За свабоду» З. Бабіцкі быў адным з кандыдатаў, хто аспрэчваў вынікі галасавання па выбарах у Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў па выбарчай акрузе № 15. Па інфармацыі назіральніка А. Мацкевіча, большасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі ў дзень выбараў, аддалі свае галасы за Бабіцкага. Аднак у выніку агульнага падліку галасоў, у тым ліку, аддадзеных падчас папярэдняга галасавання, перамог яго канкурэнт, дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа У. Шмакаў.
Аналагічная сітуацыя і ў кандыдата В. Вячоркі. Ён перамог у асноўны дзень галасавання на ўчастку для галасавання № 74: за яго – 112 галасоў выбаршчыкаў, за дзеючага дэпутата Мінгарсавета У. Галабурду – 79. Аднак В. Вячорка саступіў У. Галабурдзе па выніках агульнага падліку галасоў.
Назіральнікі адзначаюць, што копіі пратаколаў аб выніках датэрміновага галасавання вывешваліся не на ўсіх участках для галасавання. Камісія ўчастка для галасавання № 46 Студэнцкай выбарчай акругі г. Гомеля на патрабаванне кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета К. Жукоўскага вывесіць пратакол датэрміновага галасавання або даць магчымасць азнаёміцца з ім адмовілася гэта зрабіць.
4.2. Галасаванне і падлік галасоў
У ходзе галасавання 25 красавіка назіральнікамі зафіксавана мноства выпадкаў парушэння выбарчага заканадаўства: выдача аднаму чалавеку па прад'яўленні пашпартоў некалькіх бюлетэняў для галасавання, галасаванне адным чалавекам за ўсіх членаў сям’і, укідванне бюлетэняў сябрамі ўчастковых камісій ды інш. На ўчастку для галасавання № 44 Станцыйнай выбарчай акругі г. Мазыра, дзе кандыдатам у дэпутаты вылучаўся Ф. Вячорка, каля 19 гадзін два члены камісіі ўкінулі ў скрыню для галасавання каля 10 бюлетэняў.
Грубае парушэнне арт. 68 ВК адзначана назіральнікамі ў Маладэчанскім раёне. У дзень асноўнага галасавання высветлілася, што чатыры кандыдата ў дэпутаты Чысцінскага сельскага Савета дэпутатаў: Мірошнікаў Сяргей Мікалаевіч (акруга № 12), Курыловіч Галіна Аляксандраўна (акруга № 1), Ульчыц Алена Міхайлаўна (акруга № 3), Бажко Станіслаў Альбертавіч (акруга № 7) адначасова з'яўляюцца членамі УВК. С. Мірошнікаў – член УВК № 72; Г. Курыловіч – старшыня УВК № 73; А. Ульчыц – сакратар УВК № 73; С. Бажко – член УВК № 74.
У адпаведнасці з ч. 20 арт. 68 ВК «паўнамоцтвы асобы, вылучанай у якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, якая ўваходзіць у склад Цэнтральнай камісіі, акруговай, тэрытарыяльнай, участковай выбарчай камісіі, лічацца спыненымі з моманту рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты». Па дадзеным факце кандыдатам у дэпутаты Чысцінскага сельскага Савета дэпутатаў У. Звернікам былі пададзеныя скаргі ў Маладэчанскую міжраённую пракуратуру і ЦВК.
ВК дэтальна рэгламентуе працэдуры ўскрыцця скрыняў для галасавання, падліку галасоў выбаршчыкаў, прызнання бюлетэняў несапраўднымі і інш. Пасля завяршэння падліку галасоў праводзіцца пасяджэнне ўчастковай камісіі, на якім вызначаюцца і заносяцца ў пратакол вынікі падліку галасоў. У пратаколе акрамя пералічаных вышэй дадзеных паказваецца колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай камісіяй, колькасць сапсаваныя бюлетэняў, колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў. Копія пратаколу ўчастковай камісіі пасля яго падпісання вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення.
Аналіз паведамленняў назіральнікаў паказвае, што падлік галасоў прайшоў з сур'ёзнымі парушэннямі прынцыпаў празрыстасці.
Назіральнікі не мелі магчымасці непасрэдна назіраць падлік галасоў. У пераважнай большасці выпадкаў назіральнікам былі адведзеныя месцы, якія знаходзяцца на адлегласці ад 3 да 10 метраў ад стала, за якім членамі ўчастковых камісій вёўся падлік галасоў. Некаторымі назіральнікамі былі заяўленыя хадайніцтвы аб прадастаўленні магчымасці назіраць падлік галасоў у непасрэднай блізкасці ад стала, аднак у гэтым ім было адмоўлена.
Давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Ю. Істоміна па выбарах у Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў Р. Юргель і С. Рудкоўская падалі заявы на імя старшыні УВК № 94 Г. Варанцовай з просьбай забяспечыць назіранне за падлікам галасоў. Заявы былі зарэгістраваныя старшынёй УВК № 94. У 20.00 давераным асобам Ю. Істоміна быў дадзены адказ, што «у адпаведнасці з арт.13 ВК РБ назіральнік не мае права знаходзіцца ля сталоў выдачы бюлетэняў, умешвацца ў працу камісій. Мае права назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, захаваннем парадку галасавання».
Тыя, хто спрабаваў падысці да стала, адразу ж выдаляліся з памяшкання, у некаторых выпадках з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі. Напрыклад, праз 5 хвілін пасля пачатку падліку галасоў па загаду старшыні УВК супрацоўнікам міліцыі Гапонавым з участка для галасавання № 12 тэкстыльнай выбарчай акругі № 36 быў выдалены назіральнік ад ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» А. Колчын. Ён настойваў на назіранні за ходам падліку непасрэдна перад сталамі, за якімі праходзіла працэдура, а не на адлегласці некалькіх метраў.
Аналагічны факт быў адзначаны на ўчастку для галасавання № 6 у г.Орша. Прыкладна ў 19.30 25 красавіка на гэты ўчастак прыбыў кандыдат у дэпутаты Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў, сябра Партыі БНФ А. Камінскі. Ён заявіў, што прыбыў назіраць за падлікам галасоў. Аднак старшыня УВК разам з дзяжурным супрацоўнікам міліцыі не дазволілі яму прысутнічаць у памяшканні падчас падліку галасоў і выставілі на вуліцу.
Варта адзначыць, што на большасці ўчасткаў для галасавання, дзе вялося назіранне, адсутнічаў асобны падлік галасоў. На 65% участкаў не было абвяшчэння вынікаў падліку галасоў.
Норма аб абвяшчэнні вынікаў асобнага падліку галасоў з'яўляецца новаўвядзеннем у выбарчым заканадаўстве. І хоць ЦВК займае абсалютна адназначную пазіцыю адносна прымянення ч.2 арт. 55 ВК, паводле якой неабходна апавяшчаць вынікі асобнага падліку галасоў, на жаль, ЦВК не прыняла належных захадаў для тлумачэння гэтай нормы. У метадычных рэкамендацыях для працы УВК проста дублююцца нормы ВК і не тлумачыцца, што разумеецца пад гэтымі палажэннямі. На практыцы гэта прывяло да розначытанняў згаданай нормы і сітуацыі, пры якой большасць камісій агучвалі толькі агульныя вынікі падліку галасоў.
Назіральнікі адзначаюць, што паўсюль пры падліку галасоў парушаўся прынцып калегіяльнасці працы УВК: кожны член камісіі падлічваў толькі перададзеную яму частку бюлетэняў. Падлік вёўся адначасова ўсімі сябрамі камісій. Вынікі падліку моўчкі ўносіліся на лісткі паперы і перадаваліся старшыні камісіі. Атрыманыя лічбы падсумоўваліся старшынёй і заносіліся ў пратакол. Падпісваючы такі пратакол, члены камісій не кантралявалі дакладнасць унесеных у яго вынікаў галасавання, бо фактычна не маглі бачыць падлік, які вёўся іншымі членамі камісіі. Асобныя назіральнікі былі дапушчаныя да сталоў, дзе вёўся падлік бюлетэняў, аднак яны сутыкнуліся з немагчымасцю рэальна назіраць за асобным падлікам усіх членаў камісій.
На многіх участках назіральнікамі зафіксаваныя выпадкі выкарыстання загадзя падрыхтаваных пратаколаў. Такі выпадак, у прыватнасці, адзначаны на выбарчым участку № 113 па Брэсцкаай выбарчай акрузе № 16 С. Срэднікавым, даверанай асобай І. Маслоўскага, кандыдата ў дэпутаты па выбарчай акрузе № 16 г. Брэста. Выніковы пратакол (пусты) УВК быў загадзя падпісаны ўсімі членамі выбарчай камісіі, за выключэннем старшыні. Па дадзеным факце І. Маслоўскі накіраваў скаргу ў Брэсцкую гарадскую выбарчую камісію.
Назіральнікамі таксама зафіксаваны выпадкі парушэння прынцыпа адкрытасці і галоснасці правядзення выбраў падчас перадачы пратаколаў з вынікамі галасавання ў вышейстаячыя камісіі. Л. Мархотку, назіральніка Салігорскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, выдалілі з пасяджэння гэтай камісіі. У 20 гадзін, калі сябры камісіі сабраліся для прыёму дакументаў з участковых камісій з вынікамі галасавання, старшыня камісіі Якімовіч загадаў назіральніку пакінуць памяшканне ТВК і паведаміў, што яго паклічуць непасрэдна на паседжанне камісіі, якое пачнецца ў 00-00. Спаслаўшыся на арт. 13 ВК, згодна з якім выбары праходзяць адкрыта і галосна, Л. Мархотка адмовіўся выканаць загад старшыні. Выкліканы нарад міліцыі вывеў назіральніка з будынка Салігорскага райвыканкама, дзе месціцца тэрытарыяльная камісія.
Высновы:
1. Падчас Выбараў дэпутутаў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання паўтарылася практыка прымусу да датэрміновага галасавання. У практыцы “заахвочвання” да датэрміновага галасавання актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс.
2. Як і падчас мінулых выбарчых кампаній, назіральнікі практычна не мелі магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Асобныя з іх былі дапушчаныя да сталоў, дзе вёўся падлік бюлетэняў, аднак яны сутыкнуліся з немагчымасцю рэальна назіраць за адначасовым асобным падлікам усіх членаў камісій. Заяўленыя хадайніцтвы аб прадастаўленні магчымасці назіраць за падлікам галасоў у непасрэднай блізкасці ад стала не былі задаволены. Гэта сведчыць аб парушэнні прынцыпа празрыстасці і галоснасці правядзення выбараў.
3. Асобнага падліку не было на 50% участкаў, дзе знаходзіліся назіральнікі. У многіх выпадках усе бюлетэні лічыліся разам. Прыкладна 65% участкаў, на якіх знаходзіліся назіральнікі, не было аб'яўлення вынікаў асобнага падліку галасоў.
4. Адзначаны выпадкі ўкідвання бюлетэняў у скрыні для галасавання сябрамі УВК.
5. Копіі пратаколаў для публічнага азнаямлення на многіх участках не вывешваліся наогул ці вывешваліся толькі па патрабаванні назіральнікаў.
6. Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў праводзілася з парушэннем працэдуры, прадугледжанай у арт. 54 ВК.
7. Назіральнікам, зарэгістраваным у тэрытарыяльных камісіях, было адмоўлена ў праве прысутнічаць падчас працэдуры прыёму дакументаў з участковых камісій.
Агульныя вывады
Маніторынг выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання паказаў, што змены, унесеныя ў ВК напярэдадні, у пэўнай меры садзейнічалі набліжэнню нацыянальнага выбарчага заканадаўства да дэмакратычных стандартаў. У першую чаргу гэта датычыцца адмены жорсткіх абмежаванняў у працэдуры вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Аднак непразрыстасць працэсу праверкі матэрыялаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты па-ранейшаму дазваляе выбарчым камісіям прымяняць дыскрымінацыйныя падыходы да некаторых кандыдатаў.
У цэлым выбарчая кампанія прайшла у там жа духу, што і мінулыя кампаніі, істотных якасных зменаў на карысць дэмакратызацыі практыкі правядзення выбараў не адбылося.
Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, у Выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання былі зафіксаваныя сур’ёзныя сістэмныя адступленні ад дэмакратычных стандартаў, за якія беларускія ўлады раней неаднаразова падвяргаліся крытыцы.
Такім чынам, рэкамендацыі па дэмакратызацыі выбарчага працэсу, якія даваліся БДІПЧ АБСЕ і рабіліся па выніках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», не страцілі актуальнасці.