Мазыр: Уладзімір Целяпун не прызнае вынікі выбараў па сваёй акрузе
Сябра Партыі БНФ Уладзімір Целяпун, які балатаваўся ў Гомельскі абласны Савет па Палескай выбарчай акрузе №43, не прызнае вынікаў адбыўшыхся выбараў. 27 красавіка, у адпаведнасці з арт. 82 Выбарчага кодэкса РБ, ён накіраваў скаргу ў акруговую камісію.
У скарзе Ул.Целяпун паведамляе пра тыя парушэнні патрабаванняў Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, з якімі яму, давераным асобам кандыдата і назіральнікам давялося сутыкнуцца на розных этапах выбарчай кампаніі.
Напачатку дэмакратычны кандыдат мусіў адстойваць сваё права быць зарэгістраваным: з-за памылкі ў звестках з Бюро тэхнічнай інвертарызацыі яму прыпісалі зямельны надзел 0,06 га. Затым яму адмовілі ў друкаванні агітацыйных матэрыялаў, якія так і не былі афіцыйна надрукаваныя. Таксама на этапе агітацыі У.Целепуну і яго даверанай асобе І. Нікітчанка адмовілі ў правядзенні сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканні Дома культуры.
Кандыдат выказвае недавер да вынікаў датэрміновага галасавання: на асобных участках колькасць прагаласаваўшых дасягала 40-60%. Прытым прадастаўляць якую-небудзь інфармацыю давераным асобам кандыдата і назіральнікам было катэгарычна забаронена.
Пры падачы скаргі ў асноўны дзень выбараў Ул.Целяпун сутыкнуўся з тым, што па месцы знаходжання акруговай выбарчай камісіі (САШ №5, вул. Палеская, 22) нікога не аказалася. Кандыдату прыйшлося ехаць у райвыканкам, але сакратар камісіі Пінчук А.М. на той момант ўжо павезла дакументы ў Гомель. Скарга была ўручана асабіста старшыні акруговага выбаркаму Бегляку В.І., які займае пасаду намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама.
Выніковы пратакол сябра гэтай жа камісіі А. Гнедзька, прадстаўнік АГП, падпісаў з асабістым меркаваннем.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”