ЦВК лічыць, што сябру акруговай камісіі для азнаямлення са спісамі выбаршчыкаў неабходна даручэнне акруговай камісіі
Цэнтрвыбаркам адказаў на скаргу сябра выбарчай камісіі Любенскай акругі Гомеля Васіля Палякова аб тым, што ўчастковыя камісіі адмовіліся прадставіць яму для азнаямлення спісы выбаршчыкаў. Па словах Палякова, Цэнтральная камісія адказала, што фактычна нібыта ён меў права азнаёміцца са спісамі выбаршчыкаў, але для гэтай місіі ён павінен быў быць накіраваны акруговай камісіяй, то бок мець такое даручэнне, таму што акруговая камісія - калегіяльны орган.
В.Палякоў атрымаў адказ на дадзеную скаргу і з абласной камісіі. У адказе гаворыцца, што згодна метадычных рэкамендацый ёсць спіс дакументаў, якія патрэбны для працы сябру акруговай камісіі, і такога дакументу, як спісы выбаршчыкаў, там няма. Паводле такіх адказаў атрымліваецца, што праца сябра акруговай камісіі зводзіцца да працы статыста.
Разам з тым, сёння апошні дзень, калі можна было падаць скаргу на непрызнанне вынікаў галасавання. Гэтай магчымасцю скарысталася сябра партыі левых «Справядлівы свет» Марыя Багдановіч, якая балатавалася ў гарадскі Савет дэпутатаў. На ўчастках для галасавання, па якіх балатавалася Багдановіч, шчыльна працавалі сябры партыі, якія зафіксавалі шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства, кшталту завышанай яўкі вырабшчыкаў. На падставе зафіксаваных парушэнняў Багдановіч і абскарджвае вынікі галасаваня.
Але, напрыклад, актывіст Руху «За свабоду» Дзмітрый Сцепанец не зможа абскардзіць вынікі галасавання, таму што гарадская выбарчая камісія адмовілася даць афіцыйныя звесткі пра вынікі галасавання. Экс-кандыдату ў гарадской камісіі параілі дачакацца 29 красавіка - калі ў мясцовай прэсе будуць надрукаваны вынікі выбараў. Такім чынам, на аспрэчванне вынікаў даецца толькі тры дні, таму, натуральна, пасля 29 красавіка Сцепанец не зможа скарыстацца сваім правам абскардзіць вынікі.
Экс-кандыдат у дэпутаты гарадскога Савета, намеснік старшыні Беларускай партыі зялёных Юрый Глушакоў не будзе абскарджваць вынікі галасавання. «Гэта не мае сэнсу. Толькі марнаванне свайго часу і паперы», - адзначыў ён.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”