Эўразьвяз лічыць справу Аўтуховіча палітычна матываванай
https://spring96.org./be/news/34072
2010
2010-05-11T13:06:08+0300
2010-05-11T13:06:08+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org./files/images/sources/autuxovich.jpg
Судовы разбор у справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла Казлова быў адзначаны "сур'ёзнымі працэдурнымі парушэньнямі" і "можа разглядацца ў якасьці палітычна матываванага".
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 10 мая заяве пасольства Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі Іспанію, краіну-старшыню Эўразьвязу.Грунтуючыся на назіраньнях дыпляматаў краін ЭЗ, а таксама беларускіх праваабаронцаў, брытанская дыпмісія выказала "асаблівую заклапочанасьць" заявамі, якія зроблены ў судзе сьведкамі абвінавачаньня, пра тое, што іх паказаньні "былі атрыманыя пад фізычным і псыхалягічным націскам".
"Беручы пад увагу папярэдні актыўны ўдзел Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і вэтэранаў вайны ў Афганістане, а таксама яго публічныя заявы пра выпадкі карупцыі, якія, паводле яго меркаваньня, мелі месца, гэты працэс можа разглядацца ў якасьці палітычна матываванага", — адзначае прадстаўнік старшыні ЭЗ.
У інтэрвію БелаПАН у прэс-службе вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан заявілі: "ЭЗ лічыць, што актыўная пазыцыя Мікалая Аўтуховіча магла адбіцца на яго прыгаворы".
Нагадаем, 6 мая Вярхоўны суд абвясьціў прысуд па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Мікалай Аўтуховіч прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, Уладзімір Асіпенка — да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, яшчэ двух абвінавачаных — былога работніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму без пазбаўленьня права займаць кіруючыя пасады.
Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўваньні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ён ведаў пра знаходжаньне на тэрыторыі школы-ліцэю № 1 Горадні гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.