Ежы Бузэк заклікаў спыніць рэпрэсіі і перасьлед у Беларусі
Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк 19 траўня выступіў з заявай, у якой заклікаў беларускія ўлады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і перасьлед структур грамадзянскай супольнасьці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі».
Паводле інфармацыі прэсавай службы Эўрапарлямэнту, 18 траўня спадар Бузэк меў сустрэчу з старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і ягоным намесьнікам Яраславам Раманчуком.
У сувязі з «апошнімі паведамленьнямі пра рэпрэсіі і перасьлед структур грамадзянскай супольнасьці» кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк выказаў «сур’ёзную заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».
Таксама старшыня Эўрапарлямэнту расчараваны ходам кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, якая «не паказала бачных паляпшэньняў у галіне празрыстасьці і выкананьня дэмакратычных стандартаў». Было адзначана і узмацненьне ціску на недзяржаўныя СМІ.
Ежы Бузэк падкрэсьліў, што ў аснове дыялёгу Эўразьвязу і Беларусі палягае шэраг умоваў, асноўныя зь якіх «рэальны прагрэс у галіне дэмакратыі і выразныя сыгналы пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека».