Штраф за ўлёткі
Сёньня адбыўся суд над гомельскім маладафронтаўцам Антосем Назаранкам. Юнак месяц таму расклейваў маладафронтаўскую агітацыю. Цяпер яго абвінавацілі й выпісалі штраф у памеры 600 тысяч рублёў.
Антося затрымалі міліцыянты 26 красавіка, калі ён разьлепліваў плякаты зь інфармацыяй пра Малады Фронт. На мінулым тыдні юнака выклікалі па позве ў раўс ды склалі пратакол адміністратыўнага правапарушэньня. Сёньня, 19 траўня, у райвыканкаме адбылася адміністратыўная камісія над хлопцам, два мужчыны й жанчына (сакратар) разглядалі ягоную справу, старшынём камісіі быў Шышкоў В. А.
Маладафронтаўца прызналі вінаватым ў парушэньні правілаў дабраўпарадкаваньня й утрыманьня населяных пунктаў (артыкул 21.14 кодэксу адміністратыўных правапарушэньнях). Антось Назаранка прасіў выпісаць яму мінімальны штраф, спасылаўся на частку 6 артыкулу 6.5 —юнак прызнаў сваю віну, зазначыў, што аб’явы надрукаваў сам. Аднак камісія выпісала вялікі штраф у памеры 600 тысяч рублёў.