Някляева, Дзмітрыева і Вазняка выпусцілі з Акрэсціна
Сёння, 21 мая, з ізалятара на Акрэсціна выпусцілі актывістаў грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняка і Андрэя Дзмітрыева, а таксама лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева. Усе яны былі затрыманыя ў аўторак, 18 мая, пасля ператрусу ў мінскім офісе «Гавары праўду». Сяргея Вазняка (галоўны рэдактар газеты «Товарищ») нават вывезлі машынай з Акрэсціна і выкінулі ў горадзе. Ён на таксі пад’ехаў пад Ленінскі РУУС. Астатнія дабіраюцца таксама сюды.
Каля будынка Ленінскага РУУС сабраліся каля 30 чалавек: амаль усё кіраўніцітва партыі «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін, Валеры Ухналёў ды інш.) — яны сустракаюць Сяргея Вазняка, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сацыёлаг Андрэй Ваардамацкі, палітолаг і выдавец Аляксандр Фядута, пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько‑Майсюк, філосаф Валянцін Акудовіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Бухвостаў.
Сяргей Вазняк паведаміў, што іх абвінавачвалі за спробу друку ўлётак «Гавары праўду» ў адной з мінскіх друкарняў. Улёткі, праўда, не былі надрукаваныя.
Журналіст таксама паскардзіўся на кепскае стаўленне канваіраў — яго перавозілі выключна ў кайданках і змясцілі ў камеру з крымінальнікамі, што «мелі па тры‑чатыры ходкі».
Праўда, стаўленне сукамернікаў і адміністрацыі ізалятара было да яго станоўчае.