Аўтуховіч будзе адбываць пакаранне ў Івацэвічах
Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч павінен адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ў Івацэвічах (Брэсцкая вобласць), паведаміў юрыст і праваабаронца Алег Волчак.
Пра гэта стала вядома з афіцыйнага адказу на ліст маці Аўтуховіча, якая прасіла прызначыць яму адбыванне пакарання ў Ваўкавыску, дзе яна жыве. Паводле слоў Волчака, у любы час Аўтуховіч можа быць пераведзены ў Івацэвічы. «Прысуд набыў моц, і ён павінен адбыць па месцы пакарання», — сказаў ён. Пакуль жа асуджаны знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску.
«Яму неабходная дапамога зубапратэзнага доктара. Дамаўляемся з адной клінікай, каб ён прайшоў адпаведнае абследаванне. Спадзяемся, яму дазволяць пакуль заставацца ў Мінску», — адзначыў Волчак.
Асуджаны разам з Аўтуховічам Уладзімір Асіпенка пакуль таксама знаходзіцца ў Мінску. Паводле слоў Волчака, яму крыху змякчылі ўмовы зняволення і перавялі ў іншую камеру.
Праваабаронца мяркуе, што затрымка з адпраўкай Аўтуховіча і Асіпенкі па месцы адбывання пакарання можа быць звязана з магчымым прымяненнем да іх амністыі.
«Не выключана, што ўлады чакаюць, калі набудзе моц амністыя. Тады ў адносінах да Аўтуховіча і Асіпенкі можа быць прыменена больш мяккае пакаранне і не будзе сэнсу накіроўваць іх у турму», — кажа Волчак.
Нагадаем, 6 мая Вярхоўны суд Беларусі аб’явіў прыгаворы па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі і прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Асіпенку суд прызнаў вінаватым у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, ён прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Асуджаныя сваёй віны не прызнаюць. Праваабаронцы расцэньваюць гэтую крымінальную справу палітычна матываванай.