“Хуліган” з нацыянальным сьцягам
Гісторыя аднаго пераследу
Тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і каля пяці мільёнаў розных кампенсацыяў – такая цана ўчынку віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які 7 студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Сьледства і суд доўжыліся пяць месяцаў, аднак пытаньні ў гэтай крымінальнай справе засталіся: напрыклад, ці можна лічыць злачынствам вывешваньне нацыянальнага сцяга, альбо: ці адэкватны прысуд Кастрычніцкага суду Віцебска здзейсьненаму актывістам правапарушэньню?
“Злачынства” і пакараньне.
Сяргей Каваленка быў затрыманы 7 студзеня каля гадзіны дня на плошчы Перамогі ў Віцебску, калі вывесіў на 40-метровай навагодняй ёлцы нацыянальны сьцяг. Ён не пасьпеў нават саскочыць на зямлю, як двое супрацоўнікаў міліцыі схапілі яго за ногі. Як распавёў Каваленка журналістам праз некалькі дзён, “мяне ўжо чакалі два амапаўцы, якія схапілі мяне за ногі. Я саскочыў, яны пачалі мяне біць. Абзывалі дрэньню, адмарозкам, начапілі кайданкі і зноў працягвалі біць. Я не супраціўляўся, ведаў, што за гэта можа быць. Потым падбегла іх начальства, нейкія падпалкоўнікі… Таксама крычалі, абражалі. Затым амапаўцы заламалі мне рукі і пацягнулі ў аўтобус.”
У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі затрыманьне, М. Максімаў і В. Палітыка, сцвярджалі адваротнае: маўляў, Каваленка аказваў супраціўленьне і наносіў міліцыянтам шматлікія ўдары нагамі, што прывяло да лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. У матэрыялах справы зафіксавана, што “Каваленка нанёс Максімаву другой вольнай рукой удар у вобласьць твару, ад якога Максімаў ухіліўся”(?). Пры гэтым Каваленка нібыта падраў службовую форму Максімаву.
10 студзеня пастановай пракурора Віцебску Каваленка быў зьмешчаны ў СІЗА тэрмінам на два месяцы. Аднак 12 сакавіка ў 17 гадзін нечакана для ўсіх ён быў вызвалены з Віцебскага СІЗА пад падпіску аб нявыездзе пракурорам Кастрычніцкага раёна Шалухіным В. В. Перад вызваленьнем апазіцыянера сфатаграфавалі і ўзялі яго адбіткі пальцаў.
Ужо 16 сакавіка Каваленка зьвярнуўся з заявай у Кастрычніцкі суд Віцебску. Ён сьцвярджае, што трое міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 7 студзеня за вывешваньне сьцяга, перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. На думку актывіста, ягоныя паводзіны не вымагалі прымяненьня спецсродкаў —надзяваньня кайданкоў. Да таго ж міліцыянты яго беспадстаўна зьбівалі, і цялесныя пашкоджаньні засьведчыла мэдычная экспэртыза.
Тым не меней, у дадатак да часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Каваленку таксама інкрымінавалі частку 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). Верагодна следчыя палічылі, што такім чынам прасьцей будзе асудзіць нескаронага аматара нацыянальнай сімволікі. Ды і сапраўды, бел-чырвона-белы сьцяг, які перыядычна вывешвае ў горадзе легендарны і няўлоўны Мірон, для віцебскіх міліцыянтаў – нібыта чырвоная ануча для раз’ятранага быка.
Пад час сьледчых дзеяньняў Сяргея Каваленку дадаткова накіравалі на псіхіятрычную экспертызу, якую ён прайшоў 19 студзеня. На думку актывіста, медыцынская экспертыза была прызначаная яму з-за адсутнасьці ў міліцыянтаў сур’ёзных доказаў ягонай віны.
З 3-га сакавіка Сяргей Каваленка знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, а ўжо 29 сакавіка яны былі накіраваныя ў суд. Пастанову падпісаў старшы сьледчы упраўленьня папярэдняга расследваньня УУС Віцебскага аблвыканкама А. Баранаў. Суд павінен быў распачацца 20 красавіка, аднак суддзя Яўген Буруноў нечакана прыняў нічым неабгрунтаванае рашэньне аб пераносе судовага паседжаньня на 12 траўня.
Нарэшце 12 траўня ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебска пачаўся суд, які доўжыўся тры дні. Прадстаўнік пракуратуры Зьміцер Рудакоў запрасіў для Сяргея Каваленкі тры гады “хіміі”. Суддзя абвясціў прысуд 14 траўня: тры гады зняволеньня ўмоўна. Таксама Каваленка мусіць сплаціць маральную кампенсацыю міліцыянтам Іванову і Палітыку — па мільёну, а таксама Максімаву — 1,5 мільёны. Прадпрыемству "Гарсьвятло" за пашкоджаную ілюмінацыю - 1 мільён 222 тысячы рублёў і 62 тысячы рублёў "Зелянбуду".
Нацыянальны сьцяг – як падстава для перасьледу?
Крымінальны прысуд сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку не зусім звычайны: першы раз у y незалежнай Беларусі ўзбуджана крымінальная справа за нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Вось чаму так доўга і хваравіта следствам рыхтаваліся матрыялы і было зроблена ўсё магчымае дзеля таго, каб судзілішчу прыдаць прыстойны і законны выгляд. Аднак, атрымалася, як заўсёды…
Правабаронцы яшчэ пад час сьледства адзначалі, што крымінальная справа, ўзбуджаная за вывешваньне нацыянальнага сьцягу, - палітычна матываваная і прымалі магчымыя захады да вызваленьня Сяргея Каваленкі з-пад варты. Перад пачаткам судовага паседжаньня, 20 красавіка, праваабарончы цэнтр "Вясна" прыняў заяву ў сувязі з палітычна матываваным крымінальным перасьледам С. Каваленкі. Праваабаронцы патрабавалі ад уладаў Беларусі забяспечыць Сяргею Каваленку права на разгляд ягонай справы бестароннім, незалежным судом, устанавіць усе акалічнасьці справы і вызначыць правамоцнасьць дзеяньняў міліцыі ў дачыненьні да С. Каваленкі і ўстанавіць ісьціну па справе.
У заяве, між іншага, адзначаецца, што “публічная дэманстрацыя і вывешваньне Каваленкам нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга ў ніякім выпадку не можа кваліфікавацца, як хуліганскія дзеяньні, паколькі яны не носяць характару асаблівага цынізму і яўнай непавагі да грамадства і не мелі гэтага на мэце.”
Несумненна толькі адно: сам факт сімвалічнага вывешваньня нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга улады рэальна ўспрымаюць як палітычную дзейнасцьць, хаця і даводзяць грамадству праз перадузятыя прысуды, што гэта звычайнае хуліганства.
Татальнае цкаваньне “хулігана”?
Перасьлед з боку ўладаў Сяргей Каваленка адчувае ня першы год. Вось толькі некалькі фактаў:
14 траўня 2008 года Каваленку аштрафавалі за за ўдзел у Чарнобыльскай акцыі 26-га красавіка. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Ўладзіслаў Шыкароў прысудзіў яму 30 базавых велічыняў. Літаральна перад гэтым за ўдзел у сьвяткаваньні 90-годзьдзя утварэньня БНР Сяргей Каваленка быў пакараны 10 суткамі адміністратыўнага арышту.
27 сакавіка 2009 суд пакараў яго ўдзел у сакавіцкай акцыі Дзень Волі: ён быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў. У гэты дзень ён, разам з паплечнікамі, выйшаў на плошчу Свабоды з бел-чырвона-белым сьцягам.
2010 год для Каваленкі стаў увогуле часам суцэльных затрыманьняў. 21 красавіка ў Віцебску за акцыю з бел-чырвона-белым сцягам каля Кастрычніцкага райсуда, якую правёў днём раней Каваленка, суддзя Іна Грабоўская прысудзіла яму сем сутак арышту. 8 траўня Каваленку разам з братам Ваіталём безпадстаўна затрымліваюць у харчовай краме недалёку ад дому, дзе яны жывуць. У Першамайскім РАУСе на іх склалі пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, хаця абодва браты адмаўлялі сваю віну. Якраз напярэдадні ў цэнтры Віцебску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, прымацаваны на “страле” будаўнічага крана. Таму Сяргей Каваленка лічыць, што затрыманьне насіла прэвэнтыўны характар – каб нічога падобнага не паўтарылася ў Дзень Перамогі. 24 траўня суддзя прыняў рашэньне аб пераносе суду на 6 чэрвеня.
6-га траўня яго затрымалі на тэрыторыі Чыгуначнага раёну і склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства. Суд адбыўся 25 траўня. Прысуд вынес судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Ўладзіслаў Шыкароў, які прызнаў Сяргея Каваленку вінаватым у хуліганстве і пакараў штрафам у 140 тысяч рублёў.
Праваабаронцы расцэньваюць апошнія затрыманьні і суды, як татальнае паляваньне на актывіста. У сумеснай заяве Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і праваабарончага цэнтру “Вясна” адзначаецца, што “ў краіне да гэтага часу ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца асобы, крымінальны пераслед і асуджэньне якіх мы звязваем з іх палітычнай дзейнасьцю”. Сярод іх і Сяргей Каваленка.
Ісьціна і перадузятасьць суду
Пад час крымінальнага працэсу над Сяргеем Каваленка, з залі суда суддя беспадстаўна выдаляў сяброў, ігнараваў многія хадайніцтвы з боку адвінавачанага. У першы дзень былі выдаленыя Тарас Сурган, Павал Севярынец і Вольга Шпакоўская. Пасьля перапынку рэдактара "Народных навінаў Віцебску" Сяргея Серабро не пусьцілі ў суд. У залю таксама ня змог прайсьці апэратар Уладзімер Старавераў. На працэс таксама не прапусьцілі сябру КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава. Здавалася б наадварот: няхай журналісты пераканаюцца, што суд сапраўды аб’ектыўны і крымінальная справа пабудавана на пераканаўчых доказах.
13 траўня Сяргей Каваленка тройчы патрабаваў адводу абвінаваўцы, тройчы — усяго суду ў поўным складзе і чатыры разы — асабіста судзьдзі Яўгена Бурунова. На думку актывіста, суд выразна стаяў на баку “пацярпелых” міліцыянтаў — падпалкоўніка Андрэя Іванова, малодшага сяржанта Максіма Максімава і старшага сяржанта Васіля Палітыкі, якія у адзін голас сцвярджалі, што Каваленка аказваў ім супраціў падчас затрыманьня і што ягоны ўчынак — гэта злоснае хуліганства. Сяргей Каваленка заявіў таксама хадайніцтва, каб яго грамадзкімі прадстаўнікамі ў судзе прызналі жонку Алену Каваленку, брата Віталя Каваленку і сябра Тараса Сургана. Судзьдзя адхіліў і гэтае хадайніцтва.
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які назіраў за судовым працэсам, адзначае перадузятае стаўленьне суддзі да абвінавачанага Каваленкі: “Перш за ўсё суд павінен быў пачацца 20 красавіка. Аднак па невядомых прычынах суддзя Буруноў прыняў рашэньне перанесьці яго на 12 траўня. Незразумелае рашэньне, суддзя павінен быў яго абгрунтаваць і давесьці да зацікаўленых у працэсе бакоў. Сам судовы працэс пачаўся даволі нярвова і суддзя вёў працэс няўпэўнена і не зусім прафесійна. Ён ад самага пачатку заняў пазіцыю абвінавачваньня і было бачна, як ён даваў магчымасьць выказацца пацярпелым па справе міліцыянтам і сьведкам з боку абвінавачваньня, але з боку Сяргея Каваленкі такой магчымасьці сведкі не мелі. Суддзя, напрыклад, не рабіў заўваг пракурору, які некалькі разоў задаваў пацярпелым яўна наводзячыя пытаньні. Кавленка спрабаваў пратэставаць, аднак ягоны пратэст быў адхілены. Усе ягоныя довады і адводы суддзі і пракурора,буруноў неабгрунтавана адхіляў.
Часам суддзя груба парушаў практыку вядзеньня судовых працэсаў і працэсуальнае заканадаўства. Напрыклад, цяжкая і доўгая дыскусія наконт запрашэньня на суд перакладчыка. Суддзя нібыта і ня ведаў, што гэта адно з асноўных правоў кожнага чалавека, які абвінавачваецца ў судзе – размаўляць на роднай мове. Такое права адлюстраванае і ў Крымінальна- працэсуальным кодэксе і ў Канстытуцыі Беларусі. Аднак па першаму патрабаваньню перакладчыка не выклікалі, толькі пасьля абвяшчэньня перапынку, параіўшыся з некім, суддзя дазволіў удзельнічаць у судовым працэсе перакладчыку. Другі момант – гэта тое, што па хадайніцтве Каваленкі ў працэс, у якасьці абаронцаў, не былі запрошаныя заяўленыя асобы: ягоны брат Віталь і жонка Алена. Суддзя пры гэтым спаслаўся на тое, што падсудны мае прафесійнага адваката”.
Леанід Свецік расцэньвае гэта як парушэньне права на абарону ў судзе. Як і той момант, калі на просьбу Каваленкі прадаставіць час для падрыхтоўкі апошняга слова, суддзя катэгарычна адмовіў яму. Прычым суддзя настойваў, каб Каваленка выступаў без падрыхтоўкі, і рабіў гэта ў цынічнай і непрыгляднай форме, нягледзячы нават на тое, што быў даволі позні час – 9 гадзін вечара, а суд пачаўся ў 10-30 раніцы. Усе прысутныя стаміліся. Каваленку гэтым была нанесеная псіхалагічная траўма і яму стала блага. Сапраўды, вельмі цяжка адэкватна абараняць сябе ў апошнім слове пасьля двухдзённага маральнага напружаньня. Толькі пасьля таго, як Каваленку агледзелі урачы хуткай дапамогі і адзначылі ў яго высокі ціск, суддзя вымушаны быў перанесьці апошняе слова падсуднага на наступны дзень.
“Увогуле, мне як назіральніку, - адзначае Леанід Свецік, - кінулася ў вочы, што суд праходзіў паскорана і абвінавачваньні Каваленку былі не зусім падрыхтаваныя. Ні аргументы, ні доказы пацярпелых не пераканалі прысутных ў тым, што Каваленка сапраўды аказваў нейкі супраціў супрацоўнікам міліцыі. Бо гэтага не бачыў ніхто. Суддзя кіраваўся толькі словамі двух зацікаўленых міліцыянтаў, якія яшчэ хацелі спагнаць з Каваленкі па дзесяць мільёнаў рублёў. Супаставім факты: медычная экспертыза ў Сяргея Каваленкі праводзілася непасрэдна пасьля затрыманьня і змяшчэньня яго ў СІЗА і сам ён аніяк ня мог нанесьці сабе траўмы. Прычым адразу ў дзевяці месцах. А пацярпелыя раптам успомнілі пра нанесеныя пабоі толькі праз шэсьць ці сем дзён, калі ніякіх слядоў і не магло застацца, альбо за гэты час з’явіцца новыя. Таму на гэтай падставе суд не павінен быў браць пад увагу гэтыя акалічнасьці. І зьняць абсурднае і недаказанае абвінавачваньне ў супраціве прадстаўнікам міліцыі”.
Старшыня ПЦ “Вясна” А. Бяляцкі перакананы, што ў крымінальным прысудзе Сяргею Каваленку і перасьледзе віцебскага актывіста Сургана бачна падаплёка уладаў судамі і арыштамі зьбіць актыўнасьць прадстаўнікоў дэмакратычных колаў Віцебску, пастарацца запалохаць людзей, якія маюць права на выказваньне сваёй уласнай думкі. А тое, што ў нас такім чынам забараняееца нацыянальны сцяг, за гэта людзей прыцягваюць да адміністратыўнай, ці вось такім чынам і да крымінальнай адказнасьці, гэта проста ганьба сёньняшнім беларускім уладам.