Апазіцыйнага экс-кандыдата звальняюць з працы
Экс-кандыдат у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў па Палескай выбарчай акрузе № 43 Уладзімір Целяпун 31 траўня, пасля адпачынку, атрымаў уведамленне аб спыненні з ім працоўнага кантракта з 30 чэрвеня 2010 года. Дэмакратычны актывіст працуе на пасадзе начальніка тэхнічнага аддзела ААТ "Беларускабель".
Уладзімір Целяпун адзначае, што ні прычын, ні тлумачэнняў з нагоды прыпынення кантракта ад наймальніка ў асобе дырэктара ААТ "Беларускабель" ён не атрымаў, але дапускае дзьве магчымыя прычыны.
- На прайшоўшых мясцовых выбарах я балатаваўся ў Гомельскі аблсавет і Мазырскі райсавет. Спачатку ў абодвух выпадках мне было адмоўлена ў рэгістрацыі, але пасля абскарджвання ў Гомельскую абласную выбарчую камісію я быў адноўлены ў якасці кандыдата ў дэпутаты Гомельскага аблсавета, - распавядае Ул.Целяпун. - Апазіцыйны кандыдат павінен быць беспрацоўным - гэта пазіцыя рэжыма. Займаць пэўную пасаду і паказваць яе ў графе "месца працы" - не пажадана. А калі яшчэ ёсць значная падтрымка выбаршчыкаў - тым болей.
Акрамя таго, Уладзімір Целяпун быў кіраўніком выбарчага штаба палітжаўнера, кандыдата ў дэпутаты Мазырскага райсавета Францішака Вячоркі і аказаў яму значную падрымку ў Мазыры падчас выбарчай кампаніі.
Другую з прычынаў Уладзімір Целяпун звязвае з сітуацыяй на прадпрыемстве.
- Наймальнік, дырэктар ААТ "Беларускабель", за апошнія паўгады не працягнуў кантракты, па розных прычынах, з некалькімі супрацоўнікамі, якія займалі кіруючыя пасады, а хтосьці звольніўся сам. Але ў мой адрас не агучваліся ніякія прэтэнзіі, заявы на звальненне я таксама не пісаў, - тлумачыць Ул.Целяпун. – Аднак, з'яўляючыся начальнікам тэхнічнага аддзела, я не ішоў на кампрамісы з дырэктарам прадпрыемства ў пытаннях выпуску няякаснай кантфрактнай прадукцыі з парушэннем ГАСТАў і Тэхнічных умоваў, выкарыстання няякасных матэрыялаў для вырабу кабельнай прадукцыі. Меў сваё ўласнае меркаванне наконт працы і дзейнасці дырэкцыі і не баяўся агучыць яго на паседжаннях.
Дэмакратычны актывіст мяркуе, што абедзьве прычыны ў сукупнасці маглі паўплываць на рашэнне кіраўніцтва ААТ "Беларускабель".
На гэта прадпрыемства Уладзімір Целяпун прыйшоў працаваць у 1976 годзе, адразу пасля службы ў войску. Паколькі ў Беларусі спецыялістаў-кабельшчыкаў не рыхтуюць, то па накіраванні прадпрыемства вучыўся ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце імя М.І. Калініна, які скончыў у 1985 годзе. Працаваў апрасоўшчыкам правадоў, майстрам, старэйшым майстрам, інжынерам-тэхнолагам, начальнікам бюро цэха, начальнікам бюро новай тэхнікі. З 2004 г. займае пасаду начальніка тэнічнага аддзела ААТ "Беларускабель". За час працы спагнанняў не меў.