viasna on patreon

Канада пацьвердзіла эканамічныя санкцыі супраць Беларусі

2010 2010-06-18T15:33:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kanada.jpg

Беларусь застаецца ў ліку дзяржаў, у дачыненьні да якіх ўрад Канады ўжывае эканамічныя санкцыі. Пра гэта паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на канадзкае агенцтва пагранічных службаў.

Яшчэ 30 красавіка канадзкае агенцтва пагранічных службаў зацьвердзіла абноўлены Мэмарандум D19-11-1, паводле якога былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да 14 замежных дзяржаў (Кот-д'Івуар, КНДР, Конга, Іран, Ірак, Лібан, Лібэрыя, Пакістан, С’ера-Леонэ, Самалі, Судан, М'янма, Зымбабвэ, Беларусь) і двух тэрарыстычных груп (Аль-Каіда і Талібан).

“Увядзеньне гандлёвых і эканамічных санкцый супраць замежных дзяржаў і недзяржаўных суб'ектаў па-ранейшаму зьяўляецца важным інструмэнтам для міжнароднай супольнасьці ў забесьпячэньні захаваньня міжнародных нормаў і законаў”, – гаворыцца ў дакумэнце.

Згодна з Законам аб дазволах на экспарт і імпарт (Export and Import Permits Act), Беларусь і М'янма ўключаныя ў сьпіс краінаў, для экспарту ў якія ўсіх тавараў патрабуецца дазвол Міністэрства міжнароднага гандлю Канады (Area Control List). Выключэньне складае гуманітарная дапамога, да якой адносіцца харчаваньне, адзеньне і мэдыкамэнты.

Нагадаем, Канада ўвяла аднабаковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў сьнежні 2006 году. Канадзкі бок патлумачыў сваё рашэньне жаданьнем зрабіць ціск на кіраўніцтва Беларусі, у якой рэгулярна парушаюцца правы чалавека і грамадзянскія свабоды.

“Двухбаковыя дачыненьні Канады і Беларусі абмяжоўваюцца сфэрамі консульскіх адносінаў, правоў чалавека, дэмакратычнага разьвіцьця і міжнароднай бясьпекі. Канада пасьлядоўна настойвала на неабходнасьці дасягненьня ў Беларусі прагрэсу ў кірунку дэмакратызацыі і правоў чалавека і неаднаразова асуджала іх парушэньне”, – чытаем на сайце ўраду Канады.

Пазыцыя беларускага МЗС супрацьлеглая: “Палітычныя кантакты паміж Беларусьсю і Канадай на найвышэйшым і высокім узроўні адсутнічаюць. Канадзкі ўрад працягвае захоўваць пазыцыю, накіраваную на абмежаваньне двухбаковых дачыненьняў зь Беларусьсю. Нягледзячы на існуючыя адрозьненьні ў падыходах да ацэнкі некаторых аспэктаў міжнароднага жыцьця, Рэспубліка Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці канструктыўных адносін з Канадай на аснове захаваньня інтарэсаў абодвух бакоў і ўзаемнай павагі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства