Працягваюць прыходзіць зьвескі пра правапарушэньні ў дачыненьні да зборшчыкаў подпісаў у рэгіёнах
Праваабарончы цэнтр "Вясна" атрымаў копію заявы кіраўніка ініцыятыўнай групы па збору подпісаў па г. Орша Віцебскай вобласці Берасьнева ВасіляЦіханавіча, накіраванае патэнцыйнаму кандыдыту ў прэзідэнты РБ Аляксандру Мілінкевічу, наступнага зьместу:
"5 студзеня 2006 г. загадчыца дзіцячым садком № 2 Аршанскага гарадзкога аддзела адукацыі Качагарава Тацяна Леанідаўна ў прысутнасьці 50 чалавек педкалектава запатрабавала ў ультыматыўнай форме ад сябра нашай ініцыятыўнай групы Францішкевіч Вольгі Мікалаеўны дакументы па збору подпісаў у Вашую падтрымку на выбарах прэзідэнта РБ і дэманстратыўна зьнішчыла іх (у падпісных аркушах было больш за 40 подпісаў грамадзян). Пры гэтым Качагарава Т.Л. публічна пагражала сябру ініцыятыўнай групы неадкладным звальненьнем з працы і перспектывай застацца бяз сродкаў да існаваньня.
Такім чынам, дзеяньні службовай асобы катэгарычна перашкодзілі здзяйсьненьню выбарчага права грамадзянаў і рэальным дзеяньням зборшчыка подпісаў. Была таксама наўмысна нанесена істотная шкода правам и законным інтарэсам грамадзянаў, якія выконвалі свой канстытуцыйны абавязак па ўдзелу ў выбарах.
Лічу, што ў дзеяньнях службовай асобы Качагаравай Т.Л. утрымліваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.191, арт. арт. 424 і 426 КК Рэспублікі Беларусь.
20 студзеня 2006 г."
Старшыня юрыдычнай службы штаба Аляксандра Мілінкевіча Уладзімер Лабковіч лічыць, "што дзеяньні дырэктара дзіцячага садку ня толькі зьяўляюцца незаконнымі і маюць прыкмету крымінальнага злачынства, але і дэманструюць агульны падыход службовых асабаў краіны да прынцыпу верхавенства правоў грамадзянаў, іхнае стаўленьне да дэмакратычнах асноваў дзяржавы і паказвае, што менавіта чынавенства зьяўляецца тым асноўным апірышчам таталітарнай сістэмы ў грамадзтве".