viasna on patreon

«Бой падушкамі» забаронены

2010 2010-07-13T11:53:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/boj-padushkami.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Мінгарвыканкам адмовіў зарэгістраванай МГА «Гісторыка» ў правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да 600-годдзя Грундвальдскай бітвы. Нягледзячы на забарону, моладзь ад святкавання юбілея перамогі войскаў ВКЛ над тэўтонамі адмаўляцца не збіраецца.

Варта звярнуць увагу, што першапачаткова энтузіязм арганізатараў падушачных баталій раздзялілі ва Упраўленні культуры пры Мінгарвыканкаме і нават у Міністэрстве культуры. Намеснік міністра культуры Г. Стружэцкі ў рэкамендацыйным лісце падтрымаў грамадскую ініцыятыву, вызначыў яе як «незвычайнае мерапрыемства з элементамі баёў з падушкамі». Аднак, адказная інстанцыя ў асобе пільнага намесніка старшыні Мінгарвыканкама М. Ціцянкова не праніклася захапленнем чыноўнікаў «культурнага» міністэрства. Ад сталічных уладаў прыйшоў стэрыатыпны адказ: «В связи с тем, что заявление МОО „Гісторыка“ о проведении массового мероприятия не соответствует требованиям части 5 ст. 5 Закона „О массовых мероприятиях“, Мингорисполком не разрешает проведение мероприятия в площадке рядом со зданием Национальной библиотеки».

МГА «Гісторыка» збіраецца паведаміць пра забарону ўсім патэнцыйным удзельнікам. Але, не падобна, каб гэта моцна ахладзіла падушачны азарт тых, хто прагне ўзяць удзел.

«Мне не зразумелы ірацыянальны страх уладаў. Але, нягледзячы ні на што, асабіста я буду 15-га ліпеня на запланаваным месцы правядзення „Боя падушкамі“. Спадзяюся, што здаровы сэнс возьме верх і свята пазітыва пройдзе без перашкодаў», — заявіў адзін з ініцыятараў першых «баёў» Андрэй Кім.

Нагадаем, першая акцыя «Бой падушкамі», прымеркаваная 599-годдзя Грундвальдскай бітвы, прайшла ў Мінску без дазволу ўладаў 15 ліпеня 2009 году. Праз 2 месяцы, 8 верасня 2009 году, у гонар 495-годдзя Аршанскай бітвы адбылася другая ў гісторыі беларускага падушачнага руху санкцыянаваная акцыя. У другой бітве паўдзельнічала 400 чалавек.

Несанкцыянаваны бой падушкамі, як і планавалася першапачаткова, адбудзецца 15 ліпеня ў 19:00. Удзельнікаў чакаюць са сваімі падушкамі. Месца правядзення акцыі — пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства