viasna on patreon

Сяргея Каваленку суд апраўдаў упершыню

2010 2010-07-19T09:55:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kavalinka-sud-20100420-05.jpg
Сяргей Каваленка. Фота Сяргея Серабро

Сяргей Каваленка. Фота Сяргея Серабро

Віцебскага актывіста, які адбывае пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня і галадуе на знак пратэсту, у пятніцу прывозілі ў Першамайскі раённы суд.
Судзьдзя Віктар Калбун, разгледзеўшы міліцэйскія пратаколы, складзеныя на апазыцыянэра 25 чэрвеня, вырашыў скасаваць судовую справу. Паводле судовага рашэньня, у дзеяньнях Сярея Каваленкі не было складу правапарушэньня.

Актывіста затрымалі 25 чэрвеня, калі ў Віцебску адзначаўся Дзень гораду. Сяргей Каваленка ішоў па Маскоўскім праспэкце ў бок плошчы Перамогі, дзе адбываліся сьвяточныя імпрэзы. Супрацоўнікі міліцыі, якія яго затрымлівалі, запісалі ў пратаколе, што актывіст брыдкасловіў і гэтым парушаў правапарадак.

Сяргею Каваленку ўдалося давесьці, што факту хуліганства не было. Гэта пацьвердзілі сьведкі, якія на той час знаходзіліся побач. І судзьдзя скасаваў судовую справу.
Аднак Сяргей Каваленка кажа, што гэта ня мае істотнага значэньня: пасьля затрыманьня ён двое сутак правёў у зьняволеньні. Актывіст лічыць, што яго затрымалі прэвэнтыўна і на двое сутак знарок зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня — каб ня зладзіў падчас гарадзкіх сьвятаў акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Цяпер віцебскі сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зноў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 9 ліпеня яго зьмясьцілі туды на 10 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня.

Сяргею Каваленку прысудзілі тры гады абмежаваньня волі «ўмоўна» за тое, што 7 студзеня ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы. Асуджаныя «ўмоўна» маюць падпарадкоўвацца адмысловым правілам. У прыватнасьці, вяртацца дахаты не пазьней як а 21-й гадзіне. Паводле маці актывіста, Сяргея Каваленкі, міліцыянты справакавалі спазьненьне: чакалі, калі сын будзе вяртацца, і не ўпусьцілі ў пад’езд, пакуль ня выйшаў кантрольны час.

На знак пратэсту супраць несправядлівых, на думку актывіста, затрыманьняў і спагнаньняў, з 9 ліпеня ён абвясьціў галадоўку. У ізалятары часовага ўтрыманьня ён спажывае толькі ваду, прычым негатаваную, а проста з-пад крана. Перадаваць пітную ваду для зьняволенага сваякам забаранілі.

Тэрмін дысцыплінарнага арышту для Сяргея Каваленкі скончыцца 18 ліпеня ўвечары. Тады стане вядома,ці будзе ён працягваць акцыю пратэсту, ці скончыць галадоўку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства