Сваякі загінулай ад кулі міліцыянта дзяўчыны звярнуліся ў «Вясну»
Яны паведамілі пра тое, што не вераць у афіцыйную версію трагедыі аб выпадковасці стрэлу ў галаву. Праваабаронцы лічаць, што неабходна арганізаваць грамадскае назіранне за ходам расследавання дадзенай крымінальнай справы.
На днях стала вядома, што 22-гадовая Ніна памерла ў рэанімацыі. Смерць дзяўчыны з'яўляецца падставай для разгляду пытання аб перакваліфікацыі абвінавачвання з замаху на забойства ў забойства, паведаміла БелаПАН начальнік аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Надзея Бондарава. Па папярэдніх дадзеных следства, на момант здзяйснення злачынства міліцыянт знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Сваякі загінулай распавялі праваабаронцам з Гомеля Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму, што ім прапануюць грошы.
- Зараз размовы пра грошы выглядаюць проста па-блюзнерску. Наша прававая пазіцыя заключаецца ў тым, што маральную шкоду ад злачынства можна будзе спагнаць непасрэдна з МУС, дзе служыў міліцыянт. У першую чаргу неабходна пераканацца, што папярэдняе расследаванне дадзенай крымінальнай справы праведзена аб'ектыўна, каб ні ў каго не ўзнікала пытанняў. Менавіта такога роду юрыдычныя кансультацыі дадзеныя з нашага боку сваякам загінуўлай, - кажа А.Паплаўны.
Праваабаронцы заявілі, што арганізуюць незалежнае назіранне за ходам расследавання дадзенай крымінальнай справы і ў выпадку неабходнасці акажуць сям'і загінулай юрыдычную дапамогу, у тым ліку і ў пошуках незалежнага ад мясцовай улады адваката.