viasna on patreon

Чарговы асуджаны пастар

2010 2010-07-22T11:23:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud7.jpg

29 чэрвеня 2010 года суд Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці прызнаў пастара Царквы Хрысціян Веры Евангельскай (г. Кобрын, вёска Вялікія Лепесы) Віктара Новіка вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні на падставе ч.2 арт.23.34 КаАП РБ. Яму выставілі штраф у памеры 2.100.000 бел. руб. (па 700 тыс. за кожнае богаслужэнне - 31 траўня, 7 чэрвеня і 14 чэрвеня).

Сутнасць складалася ў наступным: 14 чэрвеня бягучага года на вул. Леніна ў в Грушава Кобрынскага раёна Новік В.А., паводле пастановы суду, «арганізаваў і правёў масавыя мерапрыемствы - рэлігійныя выступы і раздачу рэлігійнай літаратуры». Праваахоўныя органы ўгледзелі абуральную крамолу ў правядзенні хрысціянамі евангелізацыі і, абапіраючыся на названыя артыкула КаАП РБ, пастара царквы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Так, у судовай пастанове сцвярджаецца: “Ён (В. Новік) разумее, што на правядзенне мерапрыемства патрабуецца адпаведны дазвол. Ён звяртаўся ў Кобрынскі райвыканкам для атрымання дазволу на правядзенне такіх мерапрыемстваў, аднак такога яму не далі".

Сапраўды, Віктар Андрэевіч неаднаразова звяртаўся ў адпаведныя інстанцыі з просьбай дазволіць хрысціянам арандаваць клуб для пазначанай мэты. Але на падставе таго, што клубныя памяшкання прызваны служыць строга свецкім мэтам, у арэндзе вернікам было адмоўлена.

Цікава, што ў мінулым годзе ў гэтым жа сельсавеце пры аналагічнай сітуацыі, калі на служэння дабравесця збіралася 5-6 чалавек, заўвагі і папярэджанні евангелістам рабіліся, але ў вуснай форме. Характэрна: за некалькі летніх сезонаў апошнія аб'ездзілі з Добрай весткай каля 50 бліжэйшых вёсак, што ніякіх эксцэсаў і грамадскіх беспарадкаў не выклікала. У гэтым жа годзе евангелізіцыйнае служэнне наведала каля 20 чалавек, у адказ на што ўлады заявілі, што мерапрыемства «масавае» і, што самае галоўнае, адносіцца да разраду «іншых» - рэлігійнага характару. Вернікі ж проста праслаўлялі Бога спевамі, раздалі ўсім жадаючым Евангелле ад Іаана і разышліся. Менавіта разышліся: «правапарушальнікаў» не разагналі, «бязмежжа» выявілі толькі заднім чыслом.

Члены царквы і пастар спрабавалі дамагчыся адказу: дзе праходзіць мяжа паміж масавым і немасавымі мерапрыемствамі і як адрозніць грамадскае месца ад неграмадскага? На гэта хрысціяне атрымалі рэкамендацыю збірацца ў прыватных дамах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства