Сьветлагорская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) застаецца без памяшканьня.
Сьветлагорская арганізацыя ТБМ дзейнічае з 1990 г. Юрыдычны адрас арганізацыі з 1999 г. аформлены ў будынку, які раней адносіўся да гарадзкой ўласнасьці. Цяпер гэты будынак прададзены мясцовымі ўладамі ў рэспубліканскую ўласнасьць, і далейшае функцыянаваньне юрыдычнага адрасу стала немагчымым. Таму рада раённай арганізацыі ТБМ звярнулася ў мясцовы выканаўчы камітэт з прозьбай прадаставіць іншае памяшканьне, на ўмовах арэнды.
Рада ТБМ у сваім звароце, у прыватнасьці, спасылалася на дзеючую Пастанову Савета міністраў “Пытанні ТБМ імя Ф. Скарыны” ад 19.02.91 № 56. Пункт 5 гэтай пастановы вызначае: “Выканаўчым камітэтам выдзяляць Таварыству беларускай мовы імя Ф. Скарыны памяшканьні для размяшчэньня ствараемых ім арганізацыяў”.
У сваім адказе С. В. Меркулаў, намесьнік старшыні райвыканкама, напісаў: “У дадзены час у камунальнай уласнасьці раёна не маецца памяшканьняў для прапановы іх у якасьці юрыдычных адрасоў грамадзкім арганізацыям і іх арганізацыйным структурам”.