Заява Сакратарыята ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Больш за месяц таму, 6 жніўня 2010 года, быў гвалтоўна затрыманы паэт і выдавец, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Башура. Следчыя органы яму інкрымінавалі “эканамічнае злачынства” – падробку фінансавых дакументаў дзеля атрымання ягонай жонкай грашовага крэдыту ў банку. Грэбуючы прэзумпцыяй невінаватасці, Міхася Башуру абвінавачваюць у падробцы даведкі з месца працы, ігнаруючы элементарную магчымасць памылкі.
Міхась Башура да арышту браў актыўны ўдзел у кампаніі “Гавары праўду”, за што неаднаразова затрымліваўся, прычым у апошні раз падчас ператрусу ў яго канфіскавалі тысячы подпісаў мінчукоў за наданне адной з вуліц Мінску імя Васіля Быкава.
Сакратарыят Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” заяўляе, што да Міхася Башуры прынятыя меры стрымання крайне неадэкватныя правапарушэнню, якое яму інкрымінуецца. Сакратарыят ГА “СБП” патрабуе неадкладнага вызвалення Міхася Башуры з-пад варты, як гэта і прадугледжана беларускім заканадаўствам.
Мінск 7 верасня 2010 г.