viasna on patreon

Праваабаронцы прадставілі маніторынг развіцця сітуацыі ў Беларусі

2010 2010-09-10T22:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pres-kanf-100910.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 верасня ў Менску прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці прадставілі маніторынг па развіцці сітуацыі ў Беларусі з лістапада 2008г. па верасень 2010г. Над дакументамі працавалі эксперты такіх грамадскіх арганізацый, як  Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Асамблея няўрадавых арганізацый, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” ды іншыя.  

Напярэдадні, 8 верасня, прэзентацыя маніторынга адбылася ў Бруселі для чыноўнікаў Еўрапейскага Саюза.

“13 кастрычніка 2008 г. Савет Еўрапейскага Саюза вырашыў прыпыніць дзейнасць візавых санкцый супраць некалькіх высокіх беларускіх чыноўнікаў. У кастрычніку 2010 г. ЕС зноў будзе пераглядаць сваё рашэнне і свае далейшыя стасункі з беларускім урадам. З пачатку перыяду дыялогу больш за пяцьдзесят беларускіх і міжнарожных арганізацый супольна рыхтавалі справаздачы пра асноўныя падзеі ў Беларусі дзеля таго, каб палітыкі ЕС мелі самую актуальную інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Гэта сёмая справаздача, яна прадстаўляе рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, па якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне, падсумоўвае галоўныя падзеі перыяду дыялогу і, у прыватнасці, нядаўнія падзеі”, - акрэсліваюцца ў дакуменце мэты працы беларускіх экспертаў.

Унікальнасць дакумента ў тым, што яго аўтары сфармулявалі крытэрыі вымярэння прагрэсу – адносна незалежных СМІ, свабоды сходаў, свабоды аб’яднанняў і становішча грамадзянскай супольнасці – па якіх прадстаўнікі Еўрапескага Саюза могуць ацэньваць развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Як адзначыў адзін з аўтараў дакумента, прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, асноўным крытэрам ацэнкі сітуацыі з’яўляўся крытэр сістэмнасці зменаў, замацаваных на ўзроўні заканадаўства.

- Большасць сфармуляваных намі крытэраў вымярэння прагрэсу скіравана на заканадаўства – гэта прыняцце зменаў у Выбарчы кодэкс у адпаведнасці з стандартамі АБСЕ, прывядзенне Закону “Аб массавых мерапрыемствах”, Закону “Аб рэлігіі” ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, адмена артыкулу 193-1 і дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія не адпавядаюць ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ні міжнародным стандартам. Менавіта па такіх крытэрах мы адсочвалі і будзем надалей адсочваць сітуацыю, - распавёў В.Стэфановіч.

Праваабаронца акрэсліў некаторыя высновы па выніку маніторынга:  

- Сістэмных крокаў, скіраваных на дэмакратызацыю сітуацыі ў краіне, мы, нажаль, не назіралі. Можна адзначаць некаторыя аспекты, якія сталі ў нейкім сэнсе лепшымі. Колькасць адміністратыўна арыштаваных за ўдзел у дэманстрацыях знізілася, але пры гэтым мы не можам казаць, што права на свабоду мірных сходаў і выказванне свайго меркавання стала лепшым. Усе акцыі як спыняліся, так і спыняюцца. Проста ўдзельнікаў пасля затрымання вызваляюць без пратакола і без прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці. Што мы адзначаем пазітыўнага, гэта тое, што распачалася распрацоўка законапраекта аб альтэрнатыўнай службе, але, нажаль, такіх крокаў  зусім няшмат.

В.Стэфановіч таксама засяродзіў увагу на апошніх падзеях, якія непакояць праваабаронцаў:

- Гэта выпадак смерці журналіста Алега Бябеніна. Мы выступаем за максімальную празрыстасць і адкрытасць правядзення праверкі па гэтаму факту і за тое, каб следствам разглядалася не толькі версія пра самагубства, але і іншыя версіі. Мы можам толькі вітаць тое, што да расследавання гэтай справы запрашаюцца міжнародныя эксперты АБСЕ, але хацелі б таксама, каб прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацыяў азнаёмілі з вынікамі ўсёй гэтай праверкі.   

Выклікаюць вялікую занепакоенасць і апошнія затрыманні па падазрэнні ў падпалах амбасады. Па нашай інфармацыі на сёння 11 чалавек затрыманыя, прычым не толькі прадстаўнікі анархісцкіх груповак, але і сябры “Правага альянса”, Беларускай партыі свабоды. У гэтай сітуацыі нас турбуе тое, што ўлады, як яны вельмі часта любяць гэта рабіць пры пастаўленай задачы знайсці вінаватых, не кіруюцца нормамі і працэдурамі, устаноўленымі Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Мы за тое, каб праводзілася расследванне, каб знайшлі вінаватых, але ўсё гэта павінна адбывацца ў межах тых працэдураў, якія ўстаноўлены законам, без грубых парушэнняў правоў чалавека. У дадзеных абставінах мы расцэньваем гэтыя затрыманні як адвольныя і лічым, што ўсе гэтыя людзі мусяць быць вызваленыя.

Старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жанна Літвіна акрэсліла сітуацыю ў медыясферы:

- Я глыбока ўпэўненая, што ў любым грамадстве, тым больш у беларускім, шлях да любых дэмакратычных пераўтварэнняў, палягае, у першую чаргу, праз змены ў інфармацыйнай прасторы, праз рэфармаванне медыясферы. Я б нават сказала, што пашырэнне сферы публічнасці і забеспячэнне свабоднага абарачэння інфармацыі ў грамадстве - гэта асноўная перадумова. Нажаль, тыя праблемы, з якімі сутыкаецца журналісцкая супольнасць, яны хранічныя – колькі ў нас у краіне існуе інстытут прэзідэнцтва, столькі ў нас існуюць праблемы, звязаныя з свабодай слова і дзейнасцю журналістаў.

Сярод “хранічных” праблемаў старшыня БАЖ на першае месца паставіла праблему, звязаную з увядзеннем роўных эканамічных умоваў для дзейнасці масмедыя з рознай формай уласнасці:

- Праблема, што мы набылі ў канцы 2005 года, напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў, на працягу пяці гадоў не вырашаецца, бо няма палітычнага рашэння, жадання ўладаў вырашыць яе. І да чарговай прэзідэнцкай кампаніі мы ізноў падыходзім з забаронай на распаўсюд недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў.

Ж.Літвіна адзначыла абвастрэнне апошнім часам праблемы доступу да інфармацыі: “улада закрываецца, з дапамогай ідэалагічнай вертыкалі стварае бар’еры на шляху журналіста да інфармацыі, у першую чаргу, пра дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржустановаў”. Яшчэ адной штучна створанай уладамі яна назвала праблему акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць на замежныя сродкі масавай інфармацыі: “Як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, нам патрэбны заяўляльны прынцып акрэдытацыі. З аднаго боку, у таго ж тэлеканала БелСАТ, Радыё Рацыя ёсць жаданне быць законапаслухмянымі, яны рыхтуюць і падаюць дакументы, а ў адказ атрымліваюць адмовы без усялякіх тлумачэнняў”.

Асобна кіраўнік БАЖу спынілася на пытанні пра рэгулявання беларускага сегменту  інтэрнет-прасторы:

- Мы столькі гадоў радаваліся, што ёсць зона, дзе свабодная, нецэнзураваная інфармацыя мае перавагу над голай прапагандай. І, нажаль, з уступленнем у сілу указа № 60 гэта зона стала абмежаваная. Асабліва нас у гэтай сувязі непакоіць абмежаванне прыватнай свабоды інтэрнет-карыстальнікаў і механізмы, якія выпрацоўваюцца па магчымым блакаванні тых сайтаў, якія не задавальняюць сённяшнюю ўладу. Я думаю, што з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў мы сутыкнемся з кропкавым блакаваннем менавіта найбольш прафесійных інфармацыйных рэсурсаў.

Ж.Літвіна адзначыла актывізацыю КДБ і пракуратуры ў апошні час. І асобна яна ўзгадала беспрэцыдэнтны выпадак – узбуджэнне ў снежні мінулага года па ініцыятыве генерала КДБ крымінальнай справы, у якой фігуруюць, пакуль у якасці сведкаў, чатыры вядомыя журналісткі.  

“Каб гаварыць пра сур’ёзную дэмакратызацыю, сур’ёзныя змены сітуацыі ў краіне, улады  перш за ўсё павінны адмовіцца ад манаполіі на інфармацыйную прастору і распачаць рэфармаванне медыясферы”, - падвяла выснову спадарыня Літвіна.

Што датычыць палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі, то аўтары маніторынгу мяркуюць, што  ўзнаўленне санкцый пазбавіць Еўропу магчымасці ўплываць на сітуацыю ў нашай краіне. Такое меркаванне выказаў старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту Алег Гулак

– Прагрэсу ў сітуацыі з правамі чалавека відавочна недастаткова, каб гаварыць аб нейкіх сур’ёзных зменах і адмене візавых санкцый. Але мы зыходзілі з таго, што вяртанне санкцый – гэта неэфектыўна, было б няправільна. І такім чынам, у нашых рэкамендацыях гэта падкрэсліваецца.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з свайго боку заклікаюць Еўрапейскі Саюз да больш эфектыўнага прымянення сістэмы санкцый у дачыненні да Беларусі, а таксама рэкамендуюць не падтрымліваць тэхнічныя праекты такіх беларускіх рэпрэсіўных інстытутаў, як КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства