З фэсту — у міліцыю, зь міліцыі — у шпіталь
Гомельскі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі, якога ўчора на этнакультурным фэсьце «Покліч Палесься» ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну затрымала міліцыя, апынуўся ў раённым шпіталі.
Лекары канстатавалі ў Жукоўскага «страсеньне мозгу». На галаве ў яго сінякі. Паводле лекараў, Жукоўскі будзе знаходзіцца ў шпіталі 7-10 дзён.
Кастусь Жукоўскі яшчэ да шпіталю апавёў, што яго затрымалі міліцыянты і завялі ў аддзяленьне міліцыі. Капітан Марозенка і маёр Навумік спачатку казалі, што ён неахайна апрануты, пасьля — што ў Кастуся нібыта падроблены пашпарт, потым — што ён нібыта падобны да нейкага злодзея.
Празь нейкі час спадара Жукоўскага адпусьцілі. Ён пайшоў шукаць старшыню Гомельскай маладзёва-культурніцкай суполкі «Талака» Ларысу Шчыракову — яна прыехала ў Ляскавічы разам з Кастусём на ягоным аўтамабілі, каб зьняць на відэа палескіх захавальнікаў народных традыцыяў.
Жукоўскі на месца сустрэчы ня трапіў. На яго наляцелі нейкія ахоўнікі — актывіст кажа, што з аховы прэм’ер-міністра, — павалілі на зямлю, заламалі рукі.
Ларыса Шчыракова: «Кастусь патэлефанаваў мне на мабільны і сказаў, што ён знаходзіцца ў міліцэйскай машыне. Я знайшла яго — ён сапраўды сядзеў у машыне. Сказаў, што яго вязуць у Петрыкаў "на суткі". Аддаў мне ключы ад машыны — і больш я яго ня бачыла».
У Петрыкаўскім РАУС паведамілі, што супраць Жукоўскага складзены пратакол за дробнае хуліганцтва. Але за краты яго не адпраўлялі — ён скардзіўся на галаўны боль, і яго адвезьлі ў шпіталь. Хто і дзе давёў яго да «страсеньня мозгу», дакладна пакуль невядома.
Аўтамабіль «Таёта» Кастуся Жукоўскага знаходзіцца цяпер у Жыткавічах на штрафной стаянцы — яго адагналі туды «даішнікі».
Ларыла Шчыракова, маючы ключы, хацела перагнаць «Таёту» Кастусю. Аднак яе затрымалі супрацоўнікі ДАІ — пры сабе яна ня мела пасьведчаньня кіроўцы, а да таго ж нібыта не спынілася на патрабаваньне патрульнага.
Супраць Шчыраковай склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за кіраваньне аўтамабілем без адпаведнага пасьведчаньня і непадпарадкаваньне супрацоўніку ДАІ. Супрацоўнікі ДАІ і людзі ў цывільным абшукалі машыну.