Адміністратыўная камісія Бялыніцкага райвыканкаму пакарала штрафам пенсіянерку Ірыну Капыткову за распаўсюд календарыкаў
Бялыніцкая пенсіянерка Ірына Капыткова зьбірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча ў роднай вёсцы Вішова і адначасова раздавала каляндарыкі на 2006 год. Калі яна заверыла подпісы ў старшыні Вішоўскага сельсавету Натальлі Галузы, па вясковых хатах прайшоў міліцыянт і сканфіскаваў каляндарыкі. Пенсіянерку абвінавацілі ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі і пакаралі штрафам у 29 тысяч рублёў, паведаміла "Радыё Свабода".
Прадстаўнікі адміністратыўнай камісіі Бялыніцкага райвыканкаму прыйшлі да высновы, што раздача каляндарыкаў з фота Аляксандра Мілінкевіча зьяўляецца парушэньнем паводле Адміністратыўнага кодэксу. Спачатку распаўсюд каляндарыкаў падчас збору подпісаў называлі незаконнай агітацыяй. Абвінавачаньне ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі пэнсіянэрцы прад’явілі пазьней. Адметна, што камісія апраўдала іншага прадстаўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Міколу Мяцеліцу, які таксама раздаваў каляндарыкі. Ён змог даказаць, што гэта проста падарункі.