Выпадкаў адмовы беларускімі судамі ў позвах аб ліквідацыях грамадзкіх аб'яднаньняў за мінулы год не было
Міністэрства юстыцыі Беларусі падвяло вынікі сваёй працы за 2005 год. Сярод сваіх посьпехаў чыноўнікі называюць значнае павялічэньне колькасьці вынесеных папярэджаньняў і ліквідацыяў грамадзкіх аб’яднаньняў.
Статыстычныя дадзеныя, агучаныя Мінюстам, сьведчаць пра тое, што летась у Беларусі грамадзкіх аб’яднаньняў было больш ліквідавана, чым зарэгістравана. На працягу 2005 году судамі Беларусі былі прынятыя рашэньні пра ліквідацыю 68 грамадзкіх аб’яднаньняў, зь іх 17 рэспубліканскага і міжнароднага статусу, 51 — мясцовага. Вядома, што яшчэ 43 НДА прынялі рашэньне аб самаліквідацыі (вельмі часта гэта рабілася пасьля адпаведнай прапановы органаў юстыцыі). «Выпадкаў адмовы судамі ў іску аб ліквідацыі не было, што сьведчыць пра абгрунтаванасьць пастаноўкі пытаньня аб ліквідацыі даных арганізацыяў», — на поўным сур’ёзе пішуць чыноўнікі ў справаздачы аб працы Міністэрства юстыцыі ў 2005 годзе. Паведамляецца таксама, што летась органамі юстыцыі грамадзкім аб’яднаньням былі вынесеныя 425 пісьмовых папярэджаньняў, што на 161 папярэджаньне больш, чым у 2004 г.