Удзельнікі Форуму праваабаронцаў: Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца недапушчальна кепскім і патрабуе сістэмных захадаў па выпраўленні
22-25 верасня ў Вільні адбыліся шэраг мерапрыемстваў, дзе вялікая ўвага была адведзена сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і становішчу праваабаронцаў у нашай краіне.
22-23 верасня праходзіла Штогадовая сустрэча сеткі дамоў правоў чалавека - форума супрацоўніцтва паміж існуючымі і ствараемымі Дамамі правоў чалавека, якія аб'ядноўваюць 70 НДА ў 15 краінах. Удзельнікамі Штогадовай сустрэчы СДПЧ у Вільні сталі каля 60 праваабаронцаў з 17 краін. Удзельнікі Штогадовай сустрэчы СДПЧ накіравалі Аляксандру Лукашэнку зварот з заклікам прыняць тэрміновыя меры па выкананні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, адзначыўшы глыбокую заклапочанасць сур'ёзнымі сістэмнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
24 верасня адбылася міжнародная праваабарончая канферэнцыя, дзе разглядалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і краінах Балтыйскага рэгіёну, удзельнікамі якой сталі каля 150 прадстаўнікоў праваабарончага руху, у тым ліку каля 80 беларускіх праваабаронцаў. На канферэнцыі выступілі намеснік старшыні падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента Лайма Андрікене, літоўская парламентарый Марыя Аушрыне Павілёніне, амбасадар Каралеўства Нарвегіі ў Літве Стэйнар Гіл, прадстаўнікі офіса Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, камісара Савета Еўропы па правах чалавека, аддзела па правах чалавека і дэмакратыі МЗС Нарвегіі, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін. Канферэнцыя завершылася бліскучым выступам прафесара ўніверсітэта Осла, першага віцэ-прэзідэнта Венецыянскай камісіі Яна Эрыка Хельгесена, які ў свой час узначальваў групу ў ААН, якая займалася распрацоўкай так званай Дэкларацыі аб праваабаронцах.
25 верасня стаў самым важным для праваабаронцаў з Беларусі, бо ў гэты дзень адбыўся ІІ Беларускі праваабарончы форум (нагадаем, што І адбыўся ў студзені 2004 года пад Мінскам). Удзельнікамі Форуму сталі каля 80 прадстаўнікоў 17 беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Беларускі дом правоў чалавека, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр па правах чалавека, Праваабарончы альянс, Прававая дапамога насельніцтву, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Таварыства беларускай мовы і іншыя. Вітальная тэлеграма Форуму была даслана Фондам развіцця прававых тэхналогій і Цэнтрам прававой транфармацыі. На Форуме прысутнічалі таксама каля 20 замежных гасцей.
На Форуме была абмеркавана агульная сітуацыя з правамі чалавека ў краіне, найбольш эфектыўныя сродкі абароны і ўзнаўлення парушаных правоў, магчымасці для больш цеснага супрацоўніцтва і салідарных дзеянняў праваабаронцаў Беларусі. Казалася пра неабходнасці пашырэння сфер праваабарончай дзейнасці, пашырэння кола людзей, заангажаваных у праваабарончую дзейнасць.
Удзельнікамі Форуму былі ўхвалены два вельмі важных дакументы: Стратэгія беларускага праваабарончага руху “Правы чалавека 2010: гарызонты будучыні” (дакумент будзе далей напаўняцца практычным зместам Працоўнай групай, у якую запрошаны прадстаўнікі арганізацый-удзельніц Форуму, а таксама арганізацый, якія на ім не прысутнічалі, але хацелі б далучыцца да супольнай працы) і Рэзалюцыя «Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца недапушчальна кепскім і патрабуе сістэмных захадаў па выпраўленні».
Тэкст Рэзалюцыі прыводзім цалкам:
“Мы, удзельнікі ІІ Беларускага праваабарончага форуму, ацэньваючы развіццё становішча з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь з часу правядзення мінулага Форуму ў студзені 2004 года, з расчараваннем канстатуем, што паводле асноўных параметраў сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне застаецца стабільна нездавальняючай.
Па найбольш балючых кропках, якія былі пазначаны праваабаронцамі ў 2004 годзе, так і не было зафіксавана ўстойлівага прагрэсу:
- Рэальна не забяспечаны гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правы і свабоды, многія з прынятых заканадаўчых актаў не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, што закладае аснову для парушэння канстытуцыйных правоў грамадзянаў;
- Беларусь па-ранейшаму ігнаруе ўзятыя на сабе міжнародна-прававыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, у тым ліку рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, што прыняты ў дачыненні да Беларусі;
- Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы як самастойнай галіны ўлады фактычна пазбаўляе грамадзянаў магчымасці абараніць парушаныя правы ў судовым парадку, абмяжоўвае доступ да правасуддзя;
- Да гэтага часу не праведзена поўнае, аб’ектыўнае і галоснае расследаванне знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, афіцыйнае расследванне справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага прыпынена 31 сакавіка 2006 году і з тых часоў не ўзнаўлялася;
- Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая да гэтага часу не толькі практыкуе смяротныя прысуды, але і прыводзіць іх у выкананне;
- У краіне захоўваецца інстытут палітычных зняволеных, у крымінальным і адміністратыўным парадку пераследуюцца апаненты існуючага рэжыму;
- Інфармацыйная прастора татальна кантралюецца ўладай, палітыка якой у дачыненні да недзяржаўных СМІ і журналістаў застаецца жорсткай і дыскрымінацыйнай;
- Не забяспечаны свобода сходаў і асацыяцый. Працягваюцца ліквідацыі ў судовым парадку і адмовы ў рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый, уведзена забарона на іх дзейнасць у незарэгістраваным статусе (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса). 17 асобаў асуджаны па дадзеным артыкуле;
- Не забяспечана рэальная роўнасць двух дзяржаўных моваў.
У той жа час па некаторых параметрах у асобныя перыяды за апошнія пяць год назіралася пэўная станоўчая дынаміка. У сувязі з гэтым мы вітаем:
- Датэрміновае вызваленне некаторых палітычных зняволеных,
- Распачаты дыялог з Еўрапейскім Саюзам па пытаннях правоў чалавека,
- Прадстаўленне нацыянальнай справаздачы ў межах Універсальнага перыядычнага агляду ААН,
- Кропкавыя захады па лібералізацыі ўнутранай палітыкі, у тым ліку звязаныя з памяншэннем размаху палітычных рэпрэсій пасля іх эскалацыі ў 2006 годзе, рэгістрацыяй асобных грамадскіх арганізацый і вяртаннем у дзяржаўныя сеткі распаўсюду часткі недзяржаўнях СМІ, стварэннем Грамадска-кансультатыўнага Савета пры Адміністрацыі прэзідэнта і Каардынацыйнага Савета ў сферы масавай інфармацыі і запрашэннем у іх склад асобных прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці краіны.
Аднак кропкавыя і збольшага несістэмныя жэсты добрай волі засталіся малазначнымі на фоне агульнага грэблівага стаўлення дзяржаўных органаў да каштоўнасцяў правоў чалавека і асноўных свабод: незваротных і сістэмных зменаў да лепшага не адбываецца.
Мы выказваем глыбокае расчараванне ў сувязі з непрыманнем дзяржаўнымі ўладамі большасці рэкамендацый па асабліва вострых праблемах у галіне правоў чалавека, зробленых Саветам па правах чалавека ААН падчас разгляду Універсальнага перыядычнага агляду ў траўні 2010 года.
Мы заклікаем урад Беларусі да
- Перагледзець сваё меркаванне і прадпрыняць усемагчымыя захады па выкананні рэкамендацый, якія былі зроблены Саветам па правах чалавека ААН па выніках праходжання Рэспублікай Беларусь працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду.
- Абвяшчэння мараторыя на выкананне смяротных прысудаў з наступным скасаваннем смяротнага пакарання
- Скасавання забароны на дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў і іншых структур грамадзянскай супольнасці, у тым ліку да скасавання артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса
- Ажыццяўлення захадаў па выкананні рашэньняў Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых па справах парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з боку Рэспублікі Беларусь
- Далучэння Беларусі да Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага Пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах
- Забеспячэння рэальнай роўнасці двух дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь: выдання ўсёй заканадаўчай базы на беларускай і рускай мовах; забеспячэння ўсім жадаючым магчымасці атрымаць адукацыю на беларускай мове; роўнага выкарыстання дзяржаўных моваў у дзяржаўных СМІ, на радыё і тэлебачанні; на практыцы рэалізаваць свабоду ад дыскрымінацыі грамадзянаў па пракмеце мовы.
Мы гатовы прыкласці і свае ўласныя намаганні дзеля таго, каб дапамагчы беларускаму ўраду ажыццявіць гэтыя і іншыя захады па набліжэнні нашай краіны да міжнародных і еўрапейскіх стандартаў правоў чалавека. У сувязі з гэтым лічым сваім доўгам адзначыць, што далучэнне нашай краіны да еўрапескіх механізмаў, якія б давалі нашым грамадзянам еўрапейскі ўзровень гарантый грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў у адпаведнасці са стандартамі Савета Еўропы магчымы толькі тады, калі наша дзяржава пазбавіцца ад смяротнага пакарання – гэтага варварскага рудымента, які ставіць Беларусь у сітуацыю ізгоя на еўрапейскім кантыненце.
У святле бягучага грамадска-палітычнага парадку дня мы таксама заклікаем беларускі ўрад у бліжэйшай кароткатэрміновай перспектыве
- вызваліць палітычных зняволеных і аднавіць правы асобаў, якія былі пакараны і/ці застаюцца часткова пазбаўленымі правоў на падставе іх палітычных меркаванняў ці грамадскай дзейнасці, уключна з аднаўленнем па месцы вучобы адлічаных студэнтаў і па месцы працы звольненых грамадска-палітычных дзеячоў
- устрымацца ад палітычных рэпрэсій супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта ў снежні 2010 года і правесці гэтыя выбары ў адпаведнасці з нормамі нацыянальнага права і крытэрыяамі свабодных і справядлівых выбараў АБСЕ
- не ўжываць дадатковых абмежавальных захадаў супраць незалежных медыяў, свабоды слова, у тым ліку не пераўтвараць здзейсненае ў 2010 годзе рэгуляванне Інтэрэту ў сродак цэнзуры
- не накладаць дадатковых абмежаванняў на стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў і іншых форм некамерцыйных арганізацый, у тым ліку не дапусціць пагаршэння іх стану ў сувязі з распрацоўкай праекта закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”.
Мы выказваем упэўненасць, што крокі, прадпрынятыя ў дадзеным накірунку, дазволяць пераадолець негатыўны міжнародны імідж і самаізаляцыю Беларусі, будуць спрыяць стварэнню дзяржаўнай сістэмы ўлады, дзе выконваюцца і паважаюцца правы і свабоды чалавека, стануць трывалым падмуркам для развіцця грамадзянскай супольнасці ў краіне“.