Гродзенская міліцыя склала пратакол на Хрысціну Шацікаву
Супрацоўнікі гродзенскай міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да магілёўскай праваабаронцы грамадскай кампаніі “Наш дом” Хрысціны Шацікавай.
Праваабаронцу абвінавачваюць у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага другой часткай артыкула 22.9 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь – парушэнне ўсталяванага парадку рассылкі бясплатных экземпляраў перыядычных выданняў і распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выходных дадзеных.
18 верасня міліцыянты затрымалі Хрысціну Шацікаву ў адной з гродзенскіх крамаў і пры даглядзе асабістых рэчаў знайшлі некалькі дзесяткаў буклетаў, прысвечаных пытанням гендэрнай палітыкі, што і стала падставай для складання пратакола.
На думку самой Хрысціны Шацікавай, абвінавачванні выглядаюць абсалютна незаконна:
– Я не распаўсюджвала ніякіх перыядычных выданняў, я не распасюджвала эратычных выданняў ні ў якім выпадку, не займалася рассылкай рэкламы, тым больш не вырабляла нейкую друкаваную прадукцыю. Справа сфабрыкаваная, заднім чыслом былі апытаныя сведкі, якія далі ілжывыя паказанні.
Згодна з кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, Хрысціну Шацікаву бліжэйшым часам чакае судовае разбіральніцтва. Дзеянні, якія яна здзейсніла, прадугледжваюць штраф у памеры ад 700 тысяч да 1 мільёна 750 тысяч беларускіх рублёў.