viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр Вясна заклікае спыніць рэпрэсіі супраць моладзі

2006 2006-02-07T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр Вясна занепакоены арыштамі актывістаў моладзевых дэмакратычных рухаў. Хваля арыштаў моладзевых актывістаў, якая пракацілася па краіне, сьведчыць пра ўзмацненьне рэпрэсій напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі.
Маладых людзей пазбаўляюць волі і ўтрымліваюць у нечалавечых умовах СІЗА за грамадска-палітычную актыўнасьць, крытыку рэжыму і палітычныя графіці. Перасьлед моладзі набыў масавы характар -- за два месяцы ў Беларусі ўзбуджана вялікая колькасьць крымінальных справаў супраць моладзі.
Актывістаў руху Зубр Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро затрымалі ў ноч на 28 сьнежня 2005 года за палітычныя графіці (лічба 16, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з палітзньняволенымі). Маладыя людзі правялі больш за двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня і былі адпушчаныя па падпіску аб нявыезьдзе. Ім прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага Кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі). Дадзены артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

У горадзе Жодзіна па арт. 369 Крымінальнага Кодэксу (публічная абраза адказных асобаў) узбуджаная крымінальная справа ў адносінах Паўла Красоўскага -- актывіста моладзевага дэмакратычнага руху, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Справа ўзбуджаная за тое, што ў бюлетэні "Назіральнік" былі надрукаваныя сатырычныя карыкатуры на кіраўніцтва горада.

Крымінальная справа ўзбуджаная супраць актывіста Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, затрыманага ў ноч з 17 на 18 студзеня 2006 г. па падозраньню ў абразе дзяржаўных сімвалаў. Па словах З.Касьпяровіча ён сапраўды залез на будынак Мінгарвыканкаму і спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг, бо лічыць яго сталінскім. Адказнасьць за абразу дзяржаўных сімвалаў прадугледжаная арт. 370 КК РБ, які не прадугледжвае пазбаўленьне волі (максімальнае пакараньне 1 год абмежаваньня волі), і па дадзеным артыкуле нельга ўтрымліваць пад вартай у СІЗА да суда. Але абвінавачаньне З. Касьпяровічу прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Прадугледжанае пакараньне па гэтым артыкуле -- 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай. На дадзены момант Зьміцер Касьпяровіч знаходзіцца ў СІЗА г. Мінска. Сьледства па справе закончанае і матэрыялы хутка перададуць у суд.

Крымінальная справа ўзбуджаная ў адносінах актывістаў арганізацыі Малады фронт Артура Фінкевіча і Аляксея Янушэўскага, затрыманых ноччу 30 студзеня ў Мінску за напісаньне палітычных графіці. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа
па ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства). Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі, калі абвінавачаньне будзе прад’яўленае па артыкуле злоснае хуліганства. На дадзены момант Артур Фінкевіч знаходзіцца ў СІЗА.

Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што сьледчыя органы наўмысна кваліфікуюць напісаньне палітычных графіці, выключна як хуліганства ці злоснае хуліганства. Гэта кваліфікацыя дазваляе пазбаўляць моладзевых актывістаў волі і зьмяшчаць у СІЗА.

Праваабарончы цэнтр Вясна расцэньвае дадзеныя арышты як выключна палітычна матываваны перасьлед.

Праваабарончы цэнтр Вясна заклікае прадстаўнікоў беларускіх уладаў неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць моладзі і вызваліць усіх арыштаваных.

Праваабарончы цэнтр Вясна зьвяртаецца да прадстаўнікоў беларускай грамадскасьці з заклікам праявіць салідарнасьць з арыштаванымі і іх сем’ямі, аказаць ім усялякую падтрымку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства