Алесь Бяляцкі: Улада паглыбляе палітычны і сацыяльны крызіс, у якім знаходзіцца беларускі народ
Беларусь праігнаравала большую частку рэкамэндацыяў, адрасаваных краіне пры разглядзе універсальнага перыядычнага агляду (УПА), Рады па правах чалавека ААН. Гэта стала вядома з Меркаваньняў і адказаў Рэспублікі Беларусь па вывадах, прынятых для далейшага разгляду кампетэнтнымі органамі ў ходзе УПА 15 траўня 2010. Пра зьмест і прынцыповае значэньне для грамадзянскай супольнасьці краіны гэтых рэкамендацый пойдзе гаворка са старшынёй Правабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім.
- Спадар Алесь, наколькі адказы беларускіх уладаў на рэкамендацыі, змешчаныя ва Ўніверсальным перыядычным аглядзе, паказваюць імкненьне ўладаў пачаць дыялог з еўрапейскай супольнасьцю па паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека?
- Уважліва азаёміўшыся з адказамі, на жаль, прыходзіш да высновы, што гэта сапраўды ўсяго толькі меркаваньні беларускага боку, бо рэальных адказаў, рэальнага жаданьня штосьці зьмяніць, зыходзячы з тых, вельмі сур’ёзных, рэкамендацый, якія былі зробленыя нацыянальнымі дэлегацыямі розных краінаў, няма. Адказы ня маюць дакладнага характару і нагадваюць фармальную адпіску, нягледзячы на сур’ёзнасьць пытаньняў.
Відавочна, што беларускія ўлады не зрабілі аніякіх высноваў з жорсткай крытыкі міжнароднай супольнасьці па татальных парушэньнях у галіне грамадзянскіх і палітычных свабодаў у Беларусі, ня здолелі па-шчыраму, па-сур’ёзнаму паставіцца да гэтых прапановаў і фактычна ўсё спусцілі на тармазах.
Больш таго, мне падаецца, што сам дакумент з боку беларускага ўраду, нягледзячы на тое, што ён напісаны стрыманай дыпламатычнай мовай, выяўляе цынічны характар гэтых адказаў, паколькі амаль ні на адно пытаньне, пастаўленае нацыянальнымі дэлегацыямі многіх краінаў перад беларускім урадам, што прымалі ўдзел у абмеркаваньні рэкамендацый, адказу па сутнасьці не было.
Вось напрыклад рэкамендацыя 98.4, адносна катаваньняў і гвалту. Улады ў адказе сьцьвярджаюць, што на заканадаўчым узроўні ўсё добра, што дзейнічае шмат інструментаў абароны асобаў ад катаваньняў, гвалту і іншага, зьневажаючага чалавечую годнасьць пакараньня. Таму гэтае пытаньне прызнанае непрымальным. Нібыта на самой справе ў Беларусі не існуе катаваньняў ды гвалту і ніякіх дадатковых мераў па іх спыненьні ў месцах утрыманьня зьняволеных і пад час адбываньня пакараньняў не патрабуецца. Але ж факты сведачаць зусім пра іншае. І гэта зафіксавана ў Альтэрнатыўным дакладзе, прадстаўленым у Раду па правах чалавека ААН праваабаронцамі. Нават само азначэньне катаваньня у беларускім заканадаўстве дагэтуль ня вызначана.
Наступная рэкамендацыя тычыцца сродкаў масавай інфармацыі. Закіды беларускаму ўраду закраналі тэму абмежаваньня распаўсюду і атрыманьня інфармацыі, цяжкасьцяў пры рэгістрацыі новых перыядычных выданьняў, перасьлед журналістаў.
Аднак у абсалютна бюракратычным адказе пералічваецца колькасць дзяржаўных і прыватных зарэгістраваных СМІ і паведамляецца, што ніякіх абмежаваньняў у распаўсюдзе інфармацыі не існуе. Гэта, маўляў, сьведчыць пра спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі і свабоды слова ў Беларусі.
Тыя, хто рэальна ведае, што робіцца ў нас са свабодай слова, ведае аб шматлікіх фактах нерэгістрацыі новых выданьняў, няроўных умовах існаваньня для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, бясконцых фінансавых праверках і папярэджаньнях незалежным выданьням з боку міністэрства юстыцыі, ведае пра перасьлед і пагрозы ў бок незалежных журналістаў. Такі адказ уладаў трэба лічвыць непрыхаванай хлусьнёю і здзекамі над рэчаіснасьцю.
Тое ж тычыцца і права на свабоду асацыяцый. Беларускія ўлады цалкам адкідаюць рэкамендацыі УПА. Між тым, права на стварэньне новых грамадскіх арганізацый паўсюдна абмяжоўваецца, як і дзейнасьць тых, што былі зарэгістраваныя раней. Ізноў жа называецца колькасьць зарэгістраваных грамадскіх арганізацый і палітычных партый і сцвяржаецца, што абмежаваньні існуюць толькі для тых грамадскіх арганізацый, якія займаюцца прапагандай вайны, экстрэмісцкай дзйнасьцю альбо распальваньнем сацыяльнай, рэлігійнай альбо расавай варажнечы. Але гэта й так наўпрост прапісана ў Канстытуцыі.
А што казаць тады пра сотні і сотні незарэгістраваных грамадзянскіх ініцыятываў, у тым ліку і праваабарончых? Напрыклад, Праваабарончы цэнтр “Вясна” тройчы грукаўся ў дзьверы Міністэрства юстыцыі, атрымліваючы адмову за адмовай. А колькі спробаў за плячыма ў “Берасьцейскай Вясны”, У “Маладога Фронту” ды іншых арганізацыяў ды партыяў? Варта адзначыць залішнюю складанасьць Законаў аб дзейнасьці грамадскіх аб’яднаньняў і палітычных партый, якія патрабуюць спецыяльных юрыдычных ведаў як пры рэгістрацыі, так і пад час дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў. Заканадаўства многіх іншых краінаў па гэтым пытаньні значна спрошчанае, не такое зафармалізаванае як у нас, што дазваляе НДА эфектыўна дзейнічаць на карысьць грамадзянскай супольнасьці.
Тое самае і з пытаньнем аб сьмяротным пакараньні, якое Беларусь палічыла непрымальным. Улады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму, які быў праведзены ў падтрымку сьмяротнага пакараньня. Але тым не менш, ніякіх захадаў да змены сітуацыі, якая істотна абмяжоўвае Беларусь у плане далучэньня да міжнароднай супольнасьці, у прыватнасьці уступленьне ў Раду Еўропы, дзяржава ня робіць.
Непрымальным названае і пытаньне гвалтоўнага знікненьня грамадзян, хаця размова вялася пра канкрэтных зніклых асобаў палітыкаў і журналіста ў 1999 -2200 гадах. У адказе гаворыцца пра тое, што ў Беларусі адсутнічаюць сведчаньні аб тым, што дзяржорганы і чыноўнікі мелі адносіны да падобнай злачыннай дзейнасьці. Аднак і даклад вядомага палітыка Хрыстаса Пургурыдзіса, і шматлікія выступы беларускіх праваабаронцаў утрымлівалі пералік прозвішчаў і асобаў, якія рэальна маглі мець да гэтага дачыненьне, сур’ёзна пракуратурай успрынятыя не былі. Лепей зрабіць выгляд, што такой праблемы ў Беларусі не існуе.
Сярод непрымальных і рэкамендацыя аб тым, што ў Беларусі да суду прыцягваюць грамадзян па палітычных матывах. Улады безапеляцыйна адказваюць, што падобныя факты не падцвярджаюцца. Але практыка апошніх шаснаццаці гадоў сьведчыцыь зусім пра адваротнае. Гэта чарговая хлусьня! Тысячы грамадзянскіх актывістаў, сярод якіх такія вядомыя палітыкі, як Аляксандр Казулін, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Андрэй Клімаў, Міхаіл Чыгір, Уладзімір Кудзінаў былі прыцягнутыя да крымінальнай і адміністратыўнай адказнасьці за сваю палітычную дзейнасьць, шмат хто з іх быў прызнаны вязьнямі сумленьня міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Amnesty International”. Такая практыка перасьледу палітычных апанентаў з боку беларускіх уладаў, на жаль, працягваецца.
- Але ж нешта з гэтых рэкамендацый Беларусь усёткі прыняла, альбо выконвае?
- Патрэбна зазначыць, што ўсе адказы на 38 рэкамендацый можна падзяліць на некалькі катэгорый: прымальныя, непрымальныя, якія рэалізаваныя, і якія знаходзяцца на стадыі рэалізацыі. Дык вось нават тут узнікае шмат пытаньняў. Напрыклад, беларускія ўлады сцвярджаюць што рэалізаваныя рэкамендацыі па нацыянальных меншасьцях, аніякай дыскрымінацыі ні грамадзян, ні іхніх арганізацыяў не існуе, і дзяржава фінансава садзейнічае іх развіццю. Ізноў ілгуць. Куды тады падзець грандыёзны скандал з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці, які адбыўся напачатку гэтага года? Неаднаразова канфіскоўваліся польскамоўныя бюлютэні, часопісы, многіх актывістаў перасьледвалі ў адміністратыўным парадку, праводзіліся фінансавыя праверкі, шчыравала КГБ.
Таксама ўлады сьцьвярджаюць, што ў грамадзтве рэалізаваны прынцып роўнасьці паміж мужчынамі і жанчынамі. Але мы бачым, і гэта пацьвярджае нават афіцыйная статыстыка, што жанчыны ня маюць роўнасьці ў аплаце працы, у прафесійнай дзейнасьці, у грамадзка-палітычным жыцьці. Гэта праблемы схаванай дыскрымінацыі, схаванай гендэрнай няроўнасьці, якія існуюць у многіх краінах, існуюць таксама і ў нас. І тут трэба не трубіць пераможна ў пустыя трубы, а займацца выпраўленьнем сітуацыі пастаянна, з году ў год. А вось Беларусь умомант рэалізавала гэтую праблему “на паперы” у адказе на рэкамендацыі УПА.
І яшчэ. Даволі актуальная зараз сітуацыя з прэзідэнцкімі выбарамі. У рэкамендацыях сцвярджалася, што заканадаўства па выбарах і самі выбарчыя працэдуры з’яўляюцца недэмакратычнымі, непразрыстымі, несвабоднымі. Гэтыя сьцьверджаньні не дарэмныя: усе беларускія выбары за апошнія 10 гадоў праводзіліся з грубейшымі парушэньнямі і не прызнаваліся міжнароднай супольнасьцю. Аднак улады перакананыя, што ў Беларусі “адсутнічае неабходнасьць у рэфармаваньні выбарчага заканадаўства”. Улады спасылаюцца на тое, што такія зьмены адбыліся і яны забясьпечылі большую дэмакратызацыю. На самой справе беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія праводзілі назіраньне за выбарамі ў мясцовыя Саветы вясною гэтага года, прыйшлі да адваротнай высновы: зьмены, ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства ў студзені 2010 года, мала што зьмянілі, мелі касметычны характар і амаль не паўплывалі на паляпшэньне празрыстасьці і дэмакратычнасьці выбараў.
Падсумоўваючы адказы беларускага боку, зазначу, што 18 рэкамендацый, прапанаваных на разгляд беларускім уладам, цалкам прызнаныя імі непрымальнымі, 12 рэкамендацый нібыта рэалізаваныя, адна знаходзіцца на стадыі рэалізацыі і 3 былі прынятыя да выкананьня. Гэты аналіз паказавае, што, па вялікім рахунку, улады праігнаравалі заўвагі міжнароднай супольнасьці і ніякіх зменаў у практыцы пашырэньня свабодаў і дэмакратычных прынцыпаў чакаць пакуль не прыходзіцца.
Такія адказы ніякім чынам ня могуць задаволіць беларускіх праваабаронцаў. У тым, што праблемы з правамі чалавека маюць у беларускай дзяржаве такія агромністыя памеры і Беларусь на сёньня зьяўляецца фактычна краінай трэцяга гатунку – у гэтым вінаватыя беларускія ўлады. На жаль, беларускія ўлады не спрыяюць аздараўленьню сітуацыі, а наадварот, паглыбляюць грамадзкі, палітычны і сацыяльны крызіс, у якім знаходзіцца беларускі народ.