Лідэр менскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў пакараны 10 суткамі арышту
11 лютага суд Ленінскага раёну Менску вынес пакараньне 10 сутак арышту старшыні каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандру Макаеву. Прадпрымальніка абвінавачваюць у арганізацыі 10 лютага несанкцыянаванай акцыі на тэрыторыі рынку “Чэрвеньскі”.
Як паведаміў Радыё Свабода актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік, справу Макаева суд разглядаў двойчы. 10 лютага судзьдзя Вера Тупік вынесла яму папярэджаньне і адпусьціла на волю.
Аднак позна ўвечары, калі лідэр менскіх прадпрымальнікаў вяртаўся дадому, яго зноў затрымалі міліцыянты і адвезьлі ў пастарунак. Паводле Ледніка, пракурор вынес пратэст на рашэньне суду. Паўторны разгляд завяршыўся вынясеньнем Макаеву новага прысуду – 10 сутак арышту.
У прадпрымальніцкім асяродзьдзі лічаць справу лідэра сталічных бізнэсоўцаў палітычнай, скіраванай на зрыў прадпрымальніцкага страйку, які заплянаваны падчас правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу 2-3 сакавіка.