Кіраўнік Штаба Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін наведаў пракуратуру
Паводле www.milinkevich.org
Сёння кіраўнік Штаба адзінага прэтэндэнта Сяргей Калякін быў выкліканы дзеля тлумачэнняў у рэспубліканскую пракуратуру. Прычынай выкліку сталі выказванні Сяргея Калякіна на прэс-канферэнцыі па выніках збору подпісаў, якую правёў Штаб 28 студзеня.
Сяргей Калякін зрабіў заяву пра тое, што ў работу па зборы подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты былі ўцягнуты работнікі пракуратуры і органаў унутраных спраў.
Следчы пракуратуры Павал Радзівонаў спрабаваў высветліць у Сяргея Калякіна прозвішчы канкрэтных супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія былі ўцягнуты ў працэс збору подпісаў, і прозвішчы кіраўнікоў гэтых органаў, якія арганізавалі збор подпісаў сярод сваіх падначаленых.
“Назваць у сённяшніх умовах прозвішчы людзей, якія далі Штабу Аляксандра Мілінкевіча інфармацыю пра незаконны збор подпісаў у падтрымку існуючага кіраўніка дзяржавы ў праваахоўных структурах, гэта азначае выклікаць у дачыненні да гэтых людзей жорсткія рэпрэсіі. Таму я, карыстаючыся правам, якое дае мне артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адмовіўся даваць тлумачэнні , - пракаментаваў факт размовы ў пракуратуры Сяргей Калякін.