viasna on patreon

У Магілёве зацьверджаны план супраць уцягваньня студэнтаў ва неўрадавыя моладзевыя арганізацыі

2006 2006-02-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А. Куляшова Канстанцін Бандарэнка зацьвердзіў плян "папяраджальна-прафіляктычных мерапрыемстваў па недапушчэньні ўцягваньня студэнтаў... у дзейнасьць незарэгістраваных моладзевых груповак".

Днямі копія гэтага дакумэнту патрапіла ў рэдакцыю парталу belngo.info. Зь яго вынікае, што К. Бандарэнка зацьвердзіў плян яшчэ ў студзені. Рэалізоўвацца ён будзе на працягу 2006 — 2008 гадоў пераважна аддзелам ідэалягічнай і выхаваўчай працы, дэканамі, загадчыкамі катэдраў, камітэтам БРСМ. Ужо праведзены інструктаж з удзелам дэканаў і намесьнікаў дэканаў факультэтаў па ідэалягічнай і выхаваўчай працы, на якім разглядаліся захады па недапушчэньні ўдзелу студэнтаў у апазыцыйнай палітычнай дзейнасьці.

Сярод заплянаваных мерапрыемстваў прысутнічае штогадовае вывучэньне стану "грамадзка-палітычных поглядаў і арыентацыяў студэнтаў МДУ імя А. А. Куляшова падчас правядзеньня ўнутраных сацыялягічных маніторынгаў". Па іх выніках аддзел ідэалягічнай і выхаваўчай працы разам з рэктаратам будуць рыхтаваць "неабходныя рэкамэндацыі". Таксама ставіцца задача "выявіць сацыяльныя групы студэнтаў, якія патрабуюць асаблівай увагі ў пляне іх гатоўнасьці прыняць удзел у дзейнасьці незарэгістраваных моладзевых груповак (палітычных і рэлігійных), праводзіць зь імі сталую індывідуальную працу". "Выяўленьне" павінна адбывацца няспынна, а даверанае яно ўсё тым жа дэканам, іх намесьнікам-"камісарам", куратарам акадэмічных групаў і выхавацелям інтэрнатаў.

З мэтай фармаваньня сярод студэнтаў "законапаслухмяных паводзінаў", а таксама "здольнасьцяў супрацьстаяць дэструктыўнаму ўплыву" кіраўніцтва ўнівэрсытэту мяркуе правесьці цэлы шэраг мерапрыемстваў. Пераважна гэта — сэрыя адмысловых круглых сталоў, канфэрэнцыяў, гутарак, віктарынаў. "Прамываньне мазгоў" павінна праводзіцца газэтай "Университетский вестник" і выкладчыкамі падчас заняткаў. Мусяць арганізоўвацца сустрэчы і выступы перад студэнтамі ды выкладчыкамі прадстаўнікоў праваахоўных органаў "па пытаньнях недапушчэньня ўцягваньня студэнцкай моладзі ў практычную дзейнасьць" (так у тэксьце).

У адпаведнасьці з плянам, будзе забясьпечаная "дакладная і строгая сыстэма пропуску студэнтаў у вучэбныя корпусы і інтэрнаты", кантроль за выкарыстаньнем Інтэрнэту ва ўнівэрсытэце. З мэтай "прадухіленьня распаўсюду ананімнай друкаванай прадукцыі і іншых супрацьпраўных дзеяньняў" плянуецца "аптымізаваць" працу моладзевых дабраахвотных дружынаў, створаных з актыву БРСМ.

Асаблівая ўвага будзе надавацца выезду за мяжу выкладчыкаў і студэнтаў, які мусіць адбывацца "ў адпаведнасьці з устаноўленым парадкам". А калі падчас рэалізацыі сумесных адукацыйных і навуковых праграмаў ва ўнівэрсытэт будуць запрашацца замежныя спэцыялісты, папярэдне ад іх запатрабуюць "вычарпальную інфармацыю аб іх навуковай і пэдагагічнай дзейнасьці".

Ня толькі студэнты апынуліся пад пільным вокам "адказных" за рэалізацыю пляну рэктара Бандарэнкі. Данесьці могуць і на выкладчыкаў. "Узмацніць адказнасьць кіраўнікоў факультэтаў і катэдраў за стан маральна-псыхалягічнага клімату ў калектывах. Не дапускаць антыдзяржаўнай рыторыкі і крытыканства падчас вучэбных заняткаў", — гаворыцца ў дакумэнце пра яшчэ адно мерапрыемства, якое мусіць стала праводзіцца ў ВНУ.

У тэксьце пералічаных мерапрыемстваў (іх усяго аж 23) згадваецца толькі адно прозьвішча — палітоляга Зьміцера Рагаўцова. У першым квартале 2006 г. катэдра паліталёгіі і сацыялёгіі разам з аддзелам ідэалягічнай і выхаваўчай працы мусіць падрыхтаваць і выдаць "мэтадычныя матэрыялы" З. Рагаўцова пад назвай "Дзейнасьць апазыцыйных моладзевых арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства