Амаль 26 тысяч жыхароў Гомельскай вобласці хворыя на хранічны алкагалізм
25,8 тысячы жыхароў Гомельскай вобласці стаяць на ўліку як хранічныя алкаголікі (ці 1.797 чалавек на 100 тыс. насельніцтва), паведаміў 8 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Гомелі загадчык Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансера Дзмітрый Цярэшчанка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя, бо многія людзі стараюцца ўтаіць сваю хваравітую прыхільнасць да алкаголю. "Гэта тыя пацыенты, якія вельмі рэдка ідуць самастойна на добраахвотны кантакт з урачом і гэтым толькі пагаршаюць сваё захворванне", — падкрэсліў загадчык дыспансера.
Паводле яго слоў, за апошнія дзевяць месяцаў на 7,9% (700 чалавек) павялічылася колькасць людзей, якія паступаюць у прыёмныя аддзяленні бальніц у стане алкагольнага ап'янення, на 18% — колькасць медыцынскіх аглядаў для ўстанаўлення факту ўжывання алкаголю (больш за 26 тысяч).
У параўнанні з мінулым годам на 12,6% павялічылася колькасць асоб, узятых на прафілактычны наркалагічны ўлік.
"Рост спажывання насельніцтвам алкаголю ёсць, тым не менш статыстычныя даныя сведчыць пра тое, што адбываецца зніжэнне колькасці асоб, у якіх упершыню ў жыцці выяўляецца наркалагічнае захворванне. Тут няма супярэчнасці, бо колькасць захворванняў у некаторым плане мы можам паменшыць, але гэта ўсё адбываецца за кошт узмацнення прафілактычнай працы. Зразумела, што чалавек, які пакутуе ад алкагалізму ці наркаманіі, будзе пакутаваць ад гэтых захворванняў да канца дзён. У яго могуць быць паляпшэнні, але наўрад ці ён цалкам пазбавіцца ад гэтай прыхільнасці. Самае сумнае, што ў грамадстве лічыцца звычайным, калі чалавек выпівае", — пракаментаваў Цярэшчанка.