Незалежнай журналістцы Ірыне Макавецкай старшыня сельсавету адмовіўся даць інфармацыю
Старшыня сельсавету ў вёсцы Холмеч Рэчыцкага раёна Сцяпан Юшкевіч адмовіўся прадаставіць інфармацыю незалежнай журналістцы Ірыне Макавецкай, якая збірала матэрыял для публікацыі ў газеце "Народная воля".
"Мне ваша газета не падабаецца, мне падабаецца дзейная ўлада, і гаварыць вам я нічога не буду", - заявіў ён пасля таго, як журналістка яму назвалася. Аргументы адносна таго, што такія дзеянні парушаюць закон аб друку, не паўплывалі на рашэнне старшыні сельсавету.
У Рэчыцкім райвыканкаме, куды І. Макавецкая патэлефанавала 19 лютага, дзяжурны заявіў, што, у адпаведнасці з "новымі правіламі для журналістаў", карэспандэнт павінен паведаміць райвыканкаму перад тым, як сустракацца з прадстаўнікамі раённых уладаў. У прыватнасці, калі І. Макавецкая хоча паразмаўляць са старшынём Холмецкага сельсавету, ёй давядзецца папярэдне патэлефанаваць загадчыку ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму Юрыю Туміловічу, паведаміла прэс-служба БАЖ.