Уладзімер Барадач: "Ратую ня шкуру, а справу"
Былы камандзір брыгады спэцназу Ўладзімер Барадач папрасіў
палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Сёньня ён даў эксклюзіўнае інтэрвію
Радыё Свабода.
Уладзімер Барадач: "Гэта
не самамэта — узяць і ўратаваць сваю шкуру. Мэта — знайсьці спосабы,
эфэктыўныя, нармальныя, добрыя, саюзьнікаў, паплечнікаў і закончыць
гэтую справу".
Радыё Свабода: Якая сытуацыя з вашай просьбай палітычнага прытулку?
Барадач: "Працэдура
даволі складаная. Ідзе праверка дакумэнтаў па ўсіх лініях ды
структурах. Як правіла, гэта доўжыцца на працягу 3 месяцаў. Але тут
сытуацыя такая, што ты заўсёды можаш зрабіць стоп, прыпыніць гэтую
справу — у выпадку зьмены сытуацыі — і ехаць дадому".
Поўны тэкст інтэрвію Ўладзімера Барадача Радыё Свабода чытайце пазьней на сайце
***
"Сябры
мне паведамілі, што мая кватэра была адчыненая і ў ёй пакінулі рэчы,
наяўнасьць якіх зьявілася б падставай для майго крымінальнага перасьледу
і асуджэньня. Увесь час, што я знаходзіўся ў Заходняй Эўропе, я
разважаў, ці трэба мне вяртацца дадому. Бо ў цяперашніх умовах пакідаць
сваіх суайчыньнікаў — гэта як бегчы з поля бою", — заявіў Барадач у
інтэрвію DW.
"Я
актыўна працаваў у грамадзкай камісіі, якая займалася расьсьледаваньнем
акалічнасьцяў зьнікненьня экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, я
быў яго намесьнікам у Саюзе афіцэраў", — кажа Барадач.
"Я размаўляў на гэтую тэму (зьнікненьня Захаранкі — РС)
з адным чалавекам, якога ў гэтым годзе забілі. Пра гэта ніхто ня ведае,
яго прозьвішча назваць пакуль таксама не магу. Ён, як мы мяркуем, быў
сьведкам апошніх хвілінаў Юрыя Захаранкі", — расказвае Барадач. "Па
нашых зьвестках, Захаранка зазнаў неймаверныя, зьневажальныя допыты,
якія доўжыліся некалькі сутак. Пасьля гэтага ў дачыненьні да яго былі
ўжытыя псыхатропныя хімічныя сродкі. І ўсё гэта здымалася на відэа для
справаздачы. Ад Юрыя Захаранкі дамагаліся прызнаньня ў падрыхтоўцы
антыканстытуцыйнага перавароту, хацелі, каб ён паведаміў імёны
кіраўніцтва і актыву Саюзу афіцэраў. Урэшце яго абвінавацілі ў
падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і расстралялі".
Барадач паабяцаў зьмясьціць на youtube сваю заяву з гэтай нагоды.
Былы
камандзір 5-й асобнай брыгады спэцназу палкоўнік Уладзімер Барадач
набыў шырокую вядомасьць у сярэдзіне 1990-х, стаўшы адным з ініцыятараў
стварэньня Саюзу беларускіх афіцэраў. Пасьля звальненьня ў запас у 1993
годзе ён актыўна супрацоўнічаў з апазыцыйнымі дэпутатамі Вярхоўнага
Cавету XIII скліканьня, забясьпечваў ахову лідэраў апазыцыі, удзельнічаў
у акцыях пратэсту, яго арыштоўвалі ўлады.
Сёлета ў сакавіку ў
Барадача, які ехаў у Бэрлін да сяброў купляць патрыманую іншамарку, у
Берасьці на выезьдзе зь Беларусі былі канфіскаваныя 7 320 эўра. Пазьней
Маскоўскі раённы суд Берасьця прызнаў Уладзімера Барадача вінаватым у
“спробе незаконнага перамяшчэньня валюты празь мяжу” і пакінуў гэтыя
грошы ў даход дзяржавы. Барадач напісаў заяву ў Генэральную пракуратуру
пра спробу супрацоўнікаў мытні вымагчы ў яго хабар.
"Я раблю тую
карысную справу, што спыню гэтых людзей. Беспакаранасьць ап'яняе іх. Ім
баяцца даваць адпор, дык вось я за іх — павінен жа нехта быць першым", —
сказаў тады Барадач у інтэрвію Эўрарадыё.