Органы апекі «зацікавіліся» ўмовамі жыцця пяцігадовай дачкі гомельскага апазіцыянера
Супрацоўнікі аддзела адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля наведалі дом гомельскага апазіцыянера, актыўнага ўдзельніка ўсіх апошніх выбарчых кампаній Кастуся Жукоўскага. У апошні час ён з'яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па збору подпісаў у падтрымку Уладзіміра Някляева. Мэта візіту супрацоўнікаў аддзелу адукацыі была «абследаванне жыллёва-бытавых ўмоваў», у якіх жыве пяцігадовая дачка апазіцыянера. За некалькі дзён да візіту аддзела адукацыі па суседзях Жукоўскага хадзілі міліцыянеры і апытвалі людзей – як жыве сям'я, ці здараюцца ў іх сваркі.
«Я паказаў тым пяці жанчынам, што мая дачка мае ўласны пакой, цацкі, кнігі і коўдру, а таксама ўсе неабходнае. Упэўнены – гэта палітычны ціск на мяне і маю сям'ю, ужо дабраліся і да пяцігадовай дачкі. Спачатку дзяржава абабрала мяне, пакараўшы за палітычную дзейнасць праз суды шматлікімі мільённымі штрафамі, падатковая прычапілася да грошай, якія мне падарылі на вяселле, і таксама налічыла вялікі штраф, з працы мяне звольнілі, калі я вырашыў балатавацца ў дэпутаты парламента, зараз засталося толькі чапляцца да маіх блізкіх. Ведаю, што такія захады ўлады наўпрост звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі і маім актыўным удзелам у кампаніі па збору подпісаў», - распавёў Жукоўскі. Ён штодня стаіць на пікеце каля ўнівермага «Гомель» і збірае подпісы пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Супрацоўнікі аддзела адукацыі прад'явілі апазіцыянеру дакумент, з якога вынікала, што начальнік аддзела адукацыі «ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 18» «просіць неадкладна правесці абследаванне і падаць акт абследавання жыллёва-бытавых умоваў» па адрасе, дзе пражывае Жукоўскі з жонкай і дачкой. Абследаванне ўмоў жыцця дзіцяці як быццам звязана з тым, што Жукоўскі па пастанове суда Петрыкаўскага раёна сядзеў 10 сутак у пастарунку.
Нагадаем, апазіцыянера збілі невядомыя на фэсце «Покліч Палесся» ў Петрыкаўскім раёне, і яго ж суд пакараў арыштам нібыта за нецэнзурную лаянку і супраціў супрацоўнікам міліцыі.
У акце абследавання аддзела адукацыі Жукоўскі зрабіў заўвагу, што ў яго дачкі ўмовы жыцця «горшыя, чым у хлопчыка Колі Лукашэнкі, але лепшыя, чым у многіх беларускіх дзяцей».
Разам з гэтым у той жа дзень апазіцыянер атрымаў паведамленне ад судовых выканаўцаў, што калі ён не сплаціць штрафы, то ў яго канфіскуюць маёмасць. Штрафы былі накладзеныя на яго судом за ўдзел у палітычных акцыях.