viasna on patreon

Дзяржабвінаваўца запрасіў 6 месяцаў арышту для актывіста кампаніі "Гавары праўду" Міхася Башуры

2010 2010-10-18T20:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

18 кастрынчіка аднавіўся працэс па справе Міхася Башуры. Адвакат Тамара Сідарэнка сцвярждае, што ў "дзеяннях органаў дазнання ёсць элементы службовага падлогу". Патрабуе, каб пракуратура правяла службовую праверку. Адвакатка разбіла ўсе абвінавачванні.

18 кастрычніка можна лічыць днём перапынкаў. З  10 да 11.30 гадзін суддзя Кірыла Палулех аб’яўляў ажно тры перапынкі. Першы, на 10 хвілін, даў для кансультацый Міхася Башуры з адвакатам Тамарай Сідарэнка. Замест 10 адведзеных хвілін перапынак цягнуўся каля 40. Пасля аднаўлення слуханняў суддзя настойліва цікавіўся: а ці не трэба абвінавачваемаму і абароне дадатковы час для падрыхтоўкі да працэсу?

Калі высветлілася, што часу дастаткова, суд паўторна дапытаў Міхася Башуру. Актывіст кампаніі “Гавары праўду” паўтарыў усё, што казаў і ў першы дзень працэсу.

Пасля допыту суддзя аб’явіў перапынак на 5 хвілін, аднак пасяджэнне аднавілася праз 35 хвілін. Нарэшце да суда дабралася сведка – супрацоўніца філіяла №514 “Беларусбанка”, у якім сям’я Башураў брала крэдыт на льготнае будаўніцтва жылля. Сведка заявіла, што “нават пяці паручыцеляў было дастаткова, каб атрымаць крэдыт”. І нават калі б М.Башура падаў даведку, у якой было б сказана, што не мае даходу, то і тады сям’я Башураў атрымала б крэдыт.

Перад  абедам адвакат Тамара Сідарэнка звярнула ўвагу прысутных на афіцыйныя дакументы Савецкага РАУС Мінска, якія аформлены задняй датай.

Аб’яўлены перапынак да 14.30.

Паліттэхнолаг Аляксандр Фядута выказаў меркаванне, што “суд не ведае, што рабіць”.

- Падрыхтаваныя два варыянты: адзін больш жорсткі, другі – мякчэйшы. Які запускаць – невядома, таму што ў гэтым выпадку трэба праводзіць рэвізію палову атрыманых банкаўскіх крэдытаў. Гэта не адмяняе памылку, які зрабіў Башура ў дакументах, але гэта стварае небяспечны прэцэдэнт, калі высветліцца, што ўсе льготныя крэдыты на жыллё можна рэвізаваць такім чынам. У тым выпадку, калі ў банка няма прэтэнзіяў. У дадзеным выпадку банк не мае прэтэнзій, як я разумею.

Акрамя таго, ініцыятыўная група Някляева ўжо зарэгістраваная, ужо заяўлена пра збор ста тысяч подпісаў. І жорсткі прысуд будзе адназначна трактавацца як ціск на ўсю ініцыятыўную групу Някляева, - адзначыў Аляксандр Фядута.

Нагадаем, судовы працэс па справе Міхася Башуры пачаўся 11 кастрычніка.

Міхася Башуру затрымалі 6 жніўня па “непасрэдна ўзнікшым падазрэнні” на трое сутак. 9 жніўня тэрмін заключэння пад варту быў працягнуты да дзясяці дзён. 16 жніўня Міхасю Башуру прад’явілі абвінавачанне ў злачынстве, прадугледжаным часткамі 1 і 2 артыкула 380-га Крымінальнага кодэкса – падробка дакументаў. 18 жніўня Башуру этапіравалі ў жодзінскую турму.

3 верасня Тамара Сідарэнка разам з Міхасём Башурам завяршылі знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы. Абвінавачванне застаецца ранейшым – часткі 1 і 2 артыкула 380-га Крымінальнага кодэкса. Пасля гэтага актывіста перавялі ў СІЗА на Валадарскага – да суда. Міхася Башуру абвінавачваюць у падробцы даведкі пра даходы – два гады таму, калі выступаў паручыцелем ўласнай жонкі – жонка брала льготны крэдыт на будаўніцтва жылля.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства