Магілёў: У раённым выбаркаме ў рэгістрацыйным журнале запісы робяць алоўкам
У Магілёўскай раённай выбарчай камісіі пры прыёме падпісных лістоў частка графаў у рэгістрацыйным журнале запаўняецца алоўкам. Пра гэта паведамляе сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава Таццяна Шамбалава.
“Сёння мне давялося здаваць подпісы ў Магілёўскую раённую выбарчую камісію, - гаворыць Таццяна Шамбалава. - Я звярнула ўвагу на тое, што ў журнал ўваходзячых дакументаў уносяцца рэгістрацыйны нумар, прозвішча і ініцыялы таго, хто здае подпісы, а таксама пазначаецца колькасць здаваемых лістоў. Далей ёсць графы, якія запаўняюцца алоўкам, а менавіта - нумар ініцыятыўнай групы і колькасць здадзеных подпісаў за прэтэндэнта на пасаду Прэзідэнта”.
Таццяна асцерагаецца, што пры такім афармленні ў журнале рэгістрацыі можна напісаць нумар любой ініцыятыўнай групы і здадзеныя подпісы залічыць іншаму прэтэндэнту.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што рэгістрацыя здаваемых падпісных лістоў ідзе так, як прыдумаюць камісіі, і няма нейкага агульнага стандарта рэгістрацыі падпісных лістоў.
“Камісіі не карыстаюцца заканадаўствам аб справаводстве, што стварае такога кшталту бардак. Няма аднастайнай правапрымяняльнай практыкі і існуе велізарнае поле для махінацый”, - падкрэслівае праваабаронца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”